Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ЎДЗЕЛ У НЕСАНКЦЫЯНАВАНЫМ ПІКЕЦЕ БАБРУЙЧАНАК ПАКАРАЛІ АРЫШТАМ І ВЯЛІКІМІ ШТРАФАМІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

"Мы патрабуем сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, бо бабруйскім уладам ўжо даўно не давяраем", — заявілі сёньня журналістам перад пачаткам акцыі Любоў Санкевіч, Ева Ўсьцімчук, Яніна Аўсянік і Галіна Гусева. У кожнай з гэтых жанчын свая праблема.

Любоў Санкевіч працавала бугальтаркай Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў і была звольненая адміністрацыяй пасьля таго, як заявіла ў кантрольныя органы пра тое, што кіраўніцтва прадпрыемства знарок завышае сабекошт прадукцыі ды парушае чарговасьць атрыманьня кватэраў.

Рабочая гэтага ж заводу Ева Ўсьцімчук 15 гадоў стаяла ў чарзе на жытло, але ня толькі не атрымала кватэры, але й была звольненая з працы, калі пачала абурацца несправядлівасьцю.

Яніна Аўсянік стаяла на чарзе 16 гадоў, аднак кватэры так і не атрымала, у той час як сваякі заводзкога начальства атрымлівалі жытло без чаргі.

Маці пяцёх дзяцей Галіна Гусева заплаціла адміністрацыі прадпрыемства "Фандок" грошы за будаўніцтва катэджа, але жытла так і не атрымала.

Сёлета ў жніўні гэтыя жанчыны правялі 10-дзённую галадоўку на цэнтральным пляцы Бабруйску, і тады ўлады абяцалі ім дапамагчы, але чарговы раз падманулі.

Гаворыць Любоў Санкевіч:

(Санкевіч: ) "Я прыехала ў Менск, каб знайсьці справядлівасьць. Мы прайшлі ўсе магчымыя інстанцыі — у Бабруйску, у Магілёве у адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі былі. Цэлае лета мы прыяжджалі, мы ўсіх прайшлі, але дапамогі ня ўбачылі".

А вось што сказала Галіна Гусева:

(Гусева: ) "Перад выбарамі нас запрасілі й сказалі, што ўсе вашыя патрабаваньні выканаем. Мы езьдзілі на прыём у Магілёў. Калі прайшлі выбары — нам нічога. Калі выбары прайшлі, пра нас проста забылі".

Даведзеныя да адчаю жанчыны выйшлі сёньня да будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі й патрабавалі, каб ён іх прыняў. У руках яны трымалі плякаты з надпісамі: "Дапамажыце аднавіць справядлівасьць у Бабруйску!", "Просім разабрацца з разьмеркаваньнем кватэраў" ды іншымі. Аднак пікет прастаяў толькі хвіліну, пасьля чаго да пікетчыц падышлі міліцыянты.

Як вынік, жанчын даставілі ў пастарунак, пратрымалі там некалькі гадзінаў, аформілі пратаколы за несанкцыянаваны пікет і адвезьлі ў суд.

Аднак бабруйчанкі не зьбіраюцца саступаць — яны думаюць зьвяртацца па дапамогу ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
XS
SM
MD
LG