Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФСАЮЗЫ РЫХТУЮЦЦА ДА ПРАТЭСТАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Учорашні заклік Фэдэрацыі да першасных суполак і шараговых сяброў прафсаюзаў распачаць кампанію масавых пратэстаў сёньня абмяркоўвалі ў працоўных калектывах. Вось, напрыклад, што паведаміў нашаму радыё старшыня прафсаюзнага камітэту Менскага падшыпнікавага заводу Ўладзімер Лазоўскі:

(Лазоўскі: ) "Сёньня зьбіраем прафсаюзны камітэт, будзем абмяркоўваць дадзеную праблему. Ужо ідуць звароты з цэхаў, што неабходна адмяніць гэтую пастанову, якая парушае правы сяброў прафсаюзаў. Людзі абураюцца, чаму нехта распараджаецца іхнымі грашыма.

Ужо ёсьць прапановы наконт формаў пратэсту. У прыватнасьці, афіцыйныя звароты ў Савет Міністраў, адміністрацыю прэзыдэнта з патрабаваньнем адмены дакумэнта. Яшчэ ў Канстытуцыйны суд.

Мяркуецца распачаць на заводзе збор падпісаў работнікаў за захаваньне цэнтралізаванага пералічэньня складак. Як адзін з варыянтаў — разглядаецца зварот канкрэтна нашай прафсаюзнай арганізацыі ў судовыя органы".

Урадавая пастанова атрымала нэгатыўны розгалас і на Менскім мотавелазаводзе. Гаворыць старшыня прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства Мікалай Бойка:

(Бойка: ) "Я лічу, што самым дзейсным мэханізмам будзе тое, калі ўсе прафкамы, усе галіновыя прафсаюзы, усе прафсаюзы прадпрыемстваў і арганізацыяў зьвернуцца да Канстытуцыйнага Суду ў масавым парадку".

(Карэспандэнт: ) "Ці чакаеце падтрымкі вашых дзеяньняў "зьнізу"?"

(Бойка: ) "Учора і сёньня хадзіў па заводу, людзі падходзяць і кажуць, што ў любым выпадку будуць рабіць унёскі. Яны разумеюць, чаму зараз адбыўся гэты наезд на прафсаюзы — бо мае месца абвал у эканоміцы, затрымка заробкаў, растуць цэны, і яны разумеюць, што ў гэтай сытуацыі прафсаюз перашкаджае прэзыдэнту", — паведаміў прафсаюзны лідэр мотавелазаводу Мікалай Бойка.

А як паводзяць сябе прафсаюзы, якія ў свой час былі створаныя паводле ініцыятывы адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі? Па адказ на гэтае пытаньне я зьвярнуўся ў прафсаюзную арганізацыю вытворчага аб'яднаньня "Інтэграл", якая летась выйшла са складу Фэдэрацыі.

(Фёдараў: ) "Гэтая пастанова распаўсюджваецца на ўсіх. Сёньня ў нас адбудзецца нарада наконт гэтага пытаньня. Мы будзем рэагаваць. Як і што — мы пакуль ня можам сказаць, але дзеяньні будуць", — заявіў старшыня прафсаюзнага камітэту "Інтэгралу" Вадзім Фёдараў.
XS
SM
MD
LG