Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТЭЛЕКАМПАНІІ РАСЕІ Й УКРАІНЫ АБВЯРГАЮЦЬ ЛУКАШЭНКУ


Юры Сьвірко, Менск

Напрыканцы мінулага тыдня Аляксандар Лукашэнка заявіў міністру інфармацыі Міхаілу Падгайнаму: "Трэба ставіць на месца тых, хто бярэ на ўзбраеньне паклёп". Спадар Лукашэнка меў на ўвазе незалежныя сродкі масавае інфармацыі, якія сьцьвярджалі, што Беларусь прадавала зброю тэрарыстычным арганізацыям. "Насамрэч гэтага ніколі не было, усе зьдзелкі заключаюцца ў строгай адпаведнасьці з патрабаваньнямі ААН", — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Аднак ён не згадаў, што тэму продажу беларускае зброі тэрарыстам апошнім часам закраналі перадусім такія сур'ёзныя замежныя мас-мэдыі як польскі часопіс "Wprost" і нямецкае інфармацыйнае агенцтва DPA. Дарэчы, супрацоўнікі апошняга зазначылі ў інтэрвію Радыё Свабода, што афіцыйны Менск нават не спрабаваў абвергнуць нашумелае паведамленьне DPA пра тое, што Беларусь — найбуйнейшы пастаўшчык зброі радыкальным ісьлямістам.

Нагадаю, грунтуючыся на зьвестках крыніцаў у Цэнтральным разьведчым упраўленьні ЗША, агенцтва DPA распаўсюдзіла інфармацыю, што сёлета Беларусь толькі ў першым паўгодзьдзі падпісала кантракты з арабскімі, палестынскімі й альбанскімі групоўкамі мусульманскіх экстрэмістаў пра пастаўкі зброі на агульную суму больш як 500 мільёнаў даляраў.

І вось учора расейская тэлекампанія НТВ паказала сюжэт свайго карэспандэнта ў Менску на тую ж тэму. Як адзначае сёньня сайт "Белорусской деловой газеты", НТВ "публічна абнародавала тое, што ўжо даўно ёсьць тэмай газэтных публікацыяў незалежнае прэсы ў Беларусі. Лукашэнка гандлюе зброяй з краінамі-ізгоямі. І пасьпяхова перапрадае расейскую зброю краінам-тэрарыстам".

Акрамя расейскага НТВ, на гэтым тыдні пра беларускі гандаль зброяй распавяла ўкраінская тэлекампанія ICTV. Раней газэта "Кіевскій телеграф" апублікавала матэрыялы расьсьледаваньня пракуратуры італійскага гораду Турыну, якая займаецца справай міжнароднай групоўкі незаконных гандляроў зброяй.

Паводле аднаго з абвінавачаных, крымінальную піраміду ва Ўкраіне ўзначальваў Яўген Марчук, экс-старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны (былога КГБ) і цяперашні кіраўнік ўкраінскае Рады нацыянальнае бясьпекі й абароны. Супраць спадара Марчука сьведчыў міжнародны махляр Дмытро Стрэшынскі, які сядзіць цяпер у турынскай турме.

У інтэрвію тэлекампаніі ICTV Яўген Марчук адхіліў усе абвінавачаньні. У гэтым яму дапамагаў былы прэзыдэнт Украіны і цяперашні дэпутат Вярхоўнае Рады Леанід Краўчук, які ў жывым эфіры нечакана дадаў да тэмы беларускі аспэкт.

Паводле спадара Краўчука, Украіна не прадавала сваю зброю на Балканы, а прадавала яе кампаніі на чале са Стрэшынскім. "Кампанія мела сэртыфікаты. Такім чынам, паводле ўсіх міжнародных правілаў, мы прадавалі зброю не ў некаторыя гарачыя кропкі, а канкрэтнай кампаніі. Пазьней мы даведаліся, што кампанія мела праблемы", — заявіў у тэлеэфіры першы прэзыдэнт Украіны.

Далей Леанід Краўчук распавёў найбольш цікавае: "З маёй згоды, праз Марчука, Украіна пачала супрацоўнічаць са спэцслужбай адной з краінаў НАТО. Гэтая сакрэтная служба злавіла Стрэшынскага й карабель, які перавозіў зброю. Зброя была зь Беларусі, між іншым", — заявіў спадар Краўчук.

Такім чынам, апраўдваючы сваю краіну, два былыя кіраўнікі Ўкраіны, якія й сёньня займаюць не апошнія пасады ў Кіеве, абвінавацілі Беларусь у продажы зброі на Балканы.

У згаданай інфармацыі нямецкага агенцтва DPA таксама паведамлялася, што Беларусь пастаўляла зброю альбанцам, якія ваявалі ў Косаве і Македоніі, а менавіта кулямёты, гарматы, супрацьтанкавыя ракеты ды боепрыпасы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG