Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЮЗУ ПАЛЯКАЎ БЕЛАРУСІ ПАГРАЖАЕ ВОПІС МАЁМАСЬЦІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Старшыня Саюзу палякаў Тадэвуш Кручкоўскі накіраваўся сёньня ў Менск, каб у дзяржаўных структурах дамагчыся скасаваньня штрафных санкцыяў. Саюз аштрафавалі на падставе дэкрэту №8. Аштрафавалі нядаўна, прычым заднім чыслом — з дня зьяўленьня дэкрэту. З грашовай дапамогі, якую грамадзкае аб'яднаньне атрымала сёлета з Польшчы, яно павінна заплаціць падатак — 1 мільён 600 тысяч рублёў, а таксама штраф — больш за 5 мільёнаў.

Кіраўнік Рады Саюзу палякаў Канстанцін Тарасевіч паведаміў мне, што іх заўсёды фінансаваў польскі бок. Цяпер польскія падаткаплатнікі павінны яшчэ даваць дадатковыя грошы й на падаткі для беларускай дзяржавы. Саюз палякаў заўжды атрымліваў гэтыя грошы як дабрачынную гуманітарную дапамогу. Такая дапамога нідзе ў сьвеце не абкладаецца падаткамі, — кажа Канстанцін Тарасевіч. Праблемаў не існавала, пакуль не зьявіўся прэзыдэнцкі дэкрэт №8.

Старшыня СПБ Тадэвуш Кручкоўскі па тэлефоне сказаў мне, што яны ня згодныя са штрафнымі санкцыямі. Грамадзкае аб'яданьне жыве з польскай дапамогі. За мінулы год ад беларускай дзяржавы яно атрымала толькі 1 тону паперы для выданьня газэты. Па дапамогу спадар Кручкоўскі зьвярнуўся ў польскую амбасаду і Міністэрства замежных справаў Польшчы.

Цяперашняе кіраўніцтва Саюзу палякаў ад пачатку заяўляла аб ляяльнасьці да беларускіх уладаў. Аднак надзеі на ўлады ў гэтай сытуацыі няма. Таму палякі зьбіраюцца пры дапамозе Гельсынскага камітэту зьвярнуцца ў суд. А пакуль галоўнай сядзібе Саюзу палякаў у Горадні пагражае вопіс маёмасьці.
XS
SM
MD
LG