Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ НАВУКІ


Сяргей Шупа, Вільня

* САН-ФРАНЦЫСКА. Прафэсар Стэнфардзкага Ўнівэрсытэту Амас Нур выказаў гіпотэзу, што прычынай зьнікненьня шмат якіх цывілізацыяў маглі быць землятрусы. Нур пачаў дасьледаваньне ад высьвятленьня прычынай заняпаду Троі, Мікенаў і Кносу, якія былі літаральна зраўнаныя зь зямлёй каля 1200 году да нашай эры, і зьвязаў гэта з сэйсьмічнай гісторыяй рэгіёну. Раней зьнішчэньне гэтых гарадоў прыпісвалася таямнічым піратам — гэтак званым «людзям мора». Іншыя навукоўцы лічаць, што землятрусы зьнішчылі таксама харапскую цывілізацыю ў Індыі і цывілізацыю мая ў Цэнтральнай Амэрыцы.

* ЖЭНЭВА. Сёлетні год быў другім рэкордна цёплым за ўсе часы мэтэаралягічных назіраньняў. Паводле сярэдняй тэмпэтатуры, 2001 год саступае толькі 1998-му, калі тэмпэратура ўзьнялася пад уплывам кліматычных зьявяў «Эль Ніньё» і «Ля Нінья», спрычыненых ненармальным награваньнем паверхні Ціхага акіяну. 2001 год быў 23-м запар годам, калі гадавая тэмпэратура была вышэйшая за сярэдні паказьнік апошніх 40 гадоў. Гэта сьведчыць пра сталы працэс глябальнага пацяпленьня.

* САН-ФРАНЦЫСКА. Aпублікаваная гэтымі днямі справаздачa Нацыянальнай Акадэміі Навук Злучаных Штатаў папярэджвае, што цяперашняе глябальнае пацяпленьне ў спалучэньні з нэгатыўным уплывам чалавека на навакольнае асяродзьдзе можа прывесьці да рэзкіх кліматычных зьменаў. Такое ўжо бывала ў мінулым, калі на працягу дзесяцігодзьдзяў адбываліся зьмены, якія пасьля захоўваліся на працягу стагодзьдзяў. Рэзкая зьмена клімату найперш можа прывесьці да катастрафічных засухаў і паводак, якія могуць мець згубныя наступствы для сельскай гаспадаркі.

* СЫДНЭЙ. У маланаселеных раёнах Аўстраліі ўзьнікла новая парода агрэсіўных «супэрсабакаў». Яны ўяўляюць сабою мяшанцаў ротвэйлераў зь дзікімі сабакамі дынга. Мясцовыя фармэры зьвярнуліся да ўладаў з просьбай аб умяшаньні, пасьля таго, як «супэрсабакі» спустошылі іхныя статкі, зьнішчыўшы сотні авечак. Фармэры цьвердзяць, што сабакі зьбіраюцца ў зграі і могуць нападаць на людзей. «Супэрсабакі» памерамі большыя за звычайных. Яны пачалі ўзьнікаць пасьля таго, як супрацоўнікі нацыянальных паркаў перасталі падкідаць сабакам дынга атручанае мяса, каб ня ставіць пад пагрозу атручаньня іншыя віды жывёлаў.

* ОКЛЕНД (НОВАЯ ЗЭЛЯНДЫЯ). Новазэляндзкія навукоўцы выявілі, што від варонаў, якія жывуць на востраве Новая Каледонія, могуць вырабляць простыя прылады і пры гэтым карыстаюцца правай часткай цела. Вароны мадэлююць з вострага краю лістоў трапічнага дрэва пандан даўгія зубчастыя палоскі, якімі дастаюць ежу з глыбокіх шчылін. Пры гэтым у абсалютнай большасьці выпадкаў яны абрываюць край ліста з правага боку. Дагэтуль пачатак ужываньня чалавекам правай рукі зьвязваўся з узьнікненьнем мовы.

* МЭДЫСАН (ШТАТ ВІСКОНСЫН). Мікроб «жгуцікавы каўнерык», які ў вялікай колькасьці жыве ў лужынах і жывіцца бактэрыямі, мае ў сабе пэўны ген, які дагэтуль быў знойдзены толькі ў разьвітых жывёлаў. Гэта можа пацьвердзіць гіпотэзу, што ўсё жыцьцё бярэ пачатак ад падобных аднаклеткавых стварэньняў. Прафэсар генэтыкі Шон Кэрал зазначыў, што гэта найбліжэйшы да жывёлаў нежывёльны арганізм.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG