Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОЛЬКІ БЕЛАРУСЬ З КРАІНАЎ ЭЎРОПЫ АДНЕСЕНАЯ ДА НЕСВАБОДНЫХ ДЗЯРЖАВАЎ


Валер Каліноўскі, Прага

У сваёй штогадовай справаздачы “Свабода ў сьвеце-2001” Freedom House у справе выкананьня краінамі сьвету грамадзянскіх і палітычных правоў падзяляе краіны на тры катэгорыі: “свабодныя”, “часткова свабодныя”, і “несвабодныя”.

Справаздача базуецца на інфармацыі, сабранай як самой арганізацыяй, гэтак і незалежнымі аналітыкамі. Да свабодных сёлета з 192 краінаў сьвету аднесеныя 86 дзяржаваў з двума з паловай мільярдамі жыхароў, што складе 41,4% насельніцтва Зямлі. Гэта найвышэйшы адсотак людзей, што жывуць ва ўмовах свабоды ў сьвеце з пачатку падрыхтоўкі арганізацыяй Freedom House штогадовых спвраздачаў у 1978 годзе. У гэтую пачэсную групу свабодных краінаў уваходзяць дзяржавы Балтыі і большасьць краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

58 краінаў аднесеныя арганізацыяй Freedom House да катэгорыі “часткова свабодныя”, то бок, у якіх грамадзянскія і палітычныя правы абмежаваныя. Гэтыя краіны таксама характарызуюцца пэўнай карупцыяй, дамінаваньнем пэўных партыяў і часам этнічнай альбо рэлігійнай варожасьцю. Да такіх часткова свабодных краінаў адносяцца ў прыватнасьці Альбанія, Армэнія, Азэрбайджан, Босьнія, Македонія, Малдова, Расея, Украіна і Югаславія.

2 мільярды 170 мільёнаў чалавек у 48 краінах, згодна справаздачы Freedom House жывуць ва ўмовах несвабоды. Да такіх краінаў арганізацыя аднесла Беларусь, Іран, Ірак, а таксама 5 краінаў Цэнтральнай Азіі: Казахстан, Кіргізія, Таджыкістан, Туркмэністан і Узбэкістан. Паводле зьвестак Freedom House, у гэтых краінах грамадзянам адмоўлена ў галоўных палітычных і грамадзянскіх правах. З эўрапейскіх краінаў да несвабодных аднесеная толькі Беларусь.

Апрача таго, Freedom House адзначае найбольшы прагрэс і рэгрэс за мінулы год у галіне выкананьня свабодаў і правоў грамадзянаў. Да несумненнага прагрэсу аднесена сытуацыя ў Афганістане пасьля перамогі над талібамі. Гэта ня толькі павялічвае шанцы афганцаў на свабоду, але дадае спадзяваньні на большую бясьпеку іншым нацыям, супраць якіх дзейнічае тэрарыстычная сетка Аль-Кайды.

Самым вялікім рэгрэсам у выкананьні грамадзянскіх свабодаў сёлета прызнаныя тэрарыстычныя атакі на ЗША 11 верасьня, а таксама вайсковыя дзеяньні ў Македоніі, што разгядаецца як небяспека міру на ўсіх Балканах.

“Горшымі з горшых” прызнаныя найбольш рэпрэсыўныя рэжымы
сьвету: Куба, Паўночная Карэя, таксама як Афганістан, Ірак, Туркмэністан. Сярод сьпісу “горшых з горшых” ў выкананьні правоў грамадзянаў пазначаныя і дзве адміністрацыйныя тэрыторыі – Чачэнія і Тыбет.

Паводле апублікаванай учора справаздачы Freedom House грамадзяне свабодных краінаў карыстаюцца і большым эканамічным дабрабытам. Напрыклад, 86 свабодных краінаў маюць 87% сусветнага валавога ўнутарнага прадукту. А 48 несвабодных краінаў вырабляюць усяго 7% сусьветнай прадукцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG