Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЛАДОЎКА ЛЯ БУДЫНКУ АДМІНІСТРАЦЫІ ЛУКАШЭНКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Чатыры жыхаркі Бабруйску сабралі сёньня журналістаў у рэдакцыі газэты "Рабочы", каб папярэдзіць, што заўтра раніцай яны выходзяць зь плякатамі да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі і, калі ён не дасць ім аўдыенцыю, абвесцяць галадоўку. Жанчын не палохае нават небясьпека хутка апынуцца ў пастарунку за несанкцыянаванае пікетаваньне.

Сёлета ў жніўні Любоў Санкевіч, Ева Усцімчык, Яніна Аўсянік і Галіна Гусева ўжо галадавалі на плошчы Бабруйску. Яны спынілі галадоўку, паверыўшы абяцаньням мясцовых ўладаў вырашыць іхныя праблемы. Прайшло два месяцы, а ўсё засталося як было, кажуць жанчыны. Тры жанчаны дамагаюцца кватэраў, а Любоў Санкевіч патрабуе аднавіць яе на працы на завода трактарных дэталяў і агрэгатаў, адкуль яе, як яна сцвярджае, незаконна звольнілі быццам за тое, што выкрывала махінацыі начальства. Любоў Санкевіч прайшла два суды, зьвярталася ў камітэт кантролю, у адміністрацыю прэзыдэнта, але ўсе ейныя скаргі вярталіся ў Бабруйск.

(Санкевіч: ) "Так, таму што ўсё куплена, скаргі не правяраліся, бо яны ўсе там сваякі. Мэр сваяк нашага дырэктара завода, ў яго сваякі далей і далей".

Яна перакананая, што ў цяперашняй Беларусі можна добра жыць толькі маючы сваякоў ва ўладзе. А ў яе высокапастаўленых сваякоў няма. Ёсьць адзіны чалавек ў вышэйшым кіраўніцтве, зь якім яна асабіста знаёмая – гэта былая бабруйчанка Лідыя Ярмошына, цяперашняя начальніца ў рэспубліканскай выбарчай камісіі.

"Калісьці нашыя дзеці разам ў школу хадзілі", – сьцвярджае Любоў Санкевіч. Але зварот да Ярмошынай плёну ня меў. Да Лукашэнкі жанчыны йдуць таксама без асаблівых спадзяваньняў. Згадваюцць, што і найвышэйшая ўлада іх ўжо падманвала. Ева Ўсьцімчык, якая безвынікова адстаяла 15 гадоў у чарзе на кватэру, згадвае.

(Усьцімчык: ) "Мяне звольнілі за тое, што я напісала скаргу ў камітэт кантролю на старшыню райвыканкаму, які дапамог дачцы незаконна атрымаць кватэру ў нашым завадскім доме ".

Паводле яе, са скаргай разьбіраўся дэпутат Аляксандар Шпілеўскі. Ён быццам паабяцаў распачаць праверку пасьля выбараў у лукашэнкаўскі парлямэнт, якія трэба было дапамагчы правесьці больш актыўна. Жанчына далучылася да агітацыйнай групы. Хадзіла па хатах, агітавала за ўдзел ў выбарах, але ў выніку ейная скарга апынулася на стале дырэктара завода і той яе звольніў. Цяпер яна і без кватэры, і без працы зь непоўнагадовым сынам.

Свае праблемы ёсьць і ў Галіны Гусевай і Яніны Аўсянік. Першая зь пяцьцю дзецьмі засталася без кватэры, ў другой сын – інвалід, а пэрспэктывы на атрыманьне кватэры аніякай, бо ўсё жыльлё дастаецца начальнікам і іхным сваякам. З большага, гэта знаёмыя гісторыі, якіх па Беларусі тысячы.

Жанчыны з гэтым згодныя, але яны ня згодныя больш чакаць, пакуль спраўдзяцца абяцанкі кантралюючых ворганаў разабрацца з начальнікамі, якія займаюцца махлярствам.

(Санкевіч: ) "Калі Лукашэнка нам не захоча дапамагаць, можа хоць будзе плён ад нашай галадоўкі. Усё лепш, чым нічога не рабіць!"
XS
SM
MD
LG