Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯПІСКАПАТ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ ПРОСІЦЬ ФІНАНСАВАЙ ДАПАМОГІ Ў ЛУКАШЭНКІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўнік Беларускага экзархату РПЦ мітрапаліт Філарэт сёньня правёў прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой распавёў пра сваю сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. На пачатку сустрэчы з Лукашэнкам мітрапаліт Філарэт амаль як падначалены чыноўнік адрапартаваў:

(Філарэт: ) "Як у дзяржаве яе кіраўнік зацікаўлена слухае даклады кіраўнікоў розных ведамстваў і дае ім ацэнку і рэкамэндацыі, так і сёньня мы каротка рапартуем вам, паважаны Аляксандар Рыгоравіч, што жыцьцё РПЦ цячэ нармальна".

Праўда, трохі пазьней высьветлілася, што праблемы ў ярархаў Царквы ёсьць. Гэта фінансаваньне рэстаўрацыі манастырскага і сэмінарыйнага комплексу ў Жыровічах, а таксама грашовая падтрымка выкладчыкаў ды студэнтаў сэмінарыі. Спачатку ўлады спрабавалі арганізаваць гэтае фінансаваньне празь дзяржаўны бюджэт, аднак дэпутаты "палаты прадстаўнікоў" і міністар фінансаў Мікалай Корбут выказаліся супраць. Таму сёньня Аляксандар Лукашэнка абяцаў арганізаваць фінансаваньне праз пазабюджэтныя фонды.

На маё пытаньне: чаму такое фінансаваньне не арганізуецца для Каталіцкай і Пратэстанцкай Цэркваў, якія маюць у Беларусі нямала вернікаў, мітрапаліт Філарэт адказаў:

(Філарэт: ) "Мы самая вялікая, але самая бедная канфэсія. Таму тут няма нейкага супрацьстаяньня — адным даць, другім — не. Проста Каталіцкая й Пратэстанцкія цэрквы маюць сваіх апекуноў. І не благіх, і не бядуюць. І іхныя храмы паўстаюць адразу, як на тое атрымліваюць дазвол. І дай Бог".

Экзарх таксама дадаў, што япіскапы прасілі Лукашэнку паскорыць прыняцьце новых рэдакцыяў Законаў аб свабодзе сумленьня й адукацыі, якія б давалі большыя правы Праваслаўнай Царкве — напрыклад у выкладаньні навукі рэлігіі ў школах. Прадстаўнікі экзархату лічаць, што дапускаць у школы можна прадстаўнікоў толькі традыцыйных канфэсіяў — праваслаўнай і каталіцкай. Іншыя ж дэнамінацыі, баптысты, пяцідзясятнікі такога права мець не павінны, бо "ня ёсьць традыцыйнымі для Беларусі".

Кіраўнік справамі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айцец Ян Спасюк лічыць, што гэтыя дзеяньні ярархаў РПЦ ёсьць парушэньнем Канстытуцыі Беларусі. Гаворыць Ян Спасюк:

(Спасюк: ) "Царква й дзяржава аддзеленыя адзін ад аднаго. І просьба прадстаўнікоў РПЦ пра фінансавую дапамогу ёсьць парушэньнем Канстытуцыі, у якой гаворыцца, што ўсе канфэсіі роўныя. Сёньня фінансавая дапамога, а заўтра Царква ўлезе ў палітычныя гульні".

На думку прадстаўніка Беларускай Аўтакефальнай Царквы, улады ня маюць права перадаваць РПЦ Полацкую Сафію, бо гэта агульнанацыянальная сьвятыня.

Мітрапаліт Філарэт лічыць, што перадача Сафійскага сабору ёсьць справядлівай і гэта не прывядзе да міжканфэсійнага напружаньня ў Беларусі.

У часе сёньняшняй сустрэчы з Лукашэнкам экзарх Філарэт не ўздымаў праблему арыштаванага былога дырэктара аб'яднаньня "Атлант" Леаніда Калугіна, які ёсьць вядомым праваслаўным мэцэнатам. Аднак экзарх Філарэт сказаў, што нядаўна зьвярнуўся ад імя Царквы да праваахоўчых органаў з просьбай вызваліць Калугіна пад падпіску пра нявыезд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG