Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГІСТОРЫКІ Й ІМПЭРЫЯ” – НЕМЦЫ АНАЛІЗУЮЦЬ БЕЛАРУСКУЮ ГІСТОРЫЮ


Алена Панкратава, Менск

Як сьцьвярджае Райнэр Лінднэр, стварэньне фахоўцамі ды палітыкамі ўласных нацыянальных мітаў — гэта першыя крокі на шляху стварэньня нацыянальнай гістарычнай навукі альбо яе вызваленьня з-пад імпэрскага дыктату. Гэта таксама сьведчыць пра дыстанцыяваньне нацыяльнай навукі ад штампаў савецкай гісторыі.

У 1990-я гады падобныя працэсы назіраліся па сутнасьці ва ўсіх былых саюзных рэспубліках, за выключэньнем, бадай, Беларусі. Пасьля фармальнага абвяшчэньня незалежнасьці афіцыйныя беларускія ўлады фактычна не праявілі ніякай цікавасьці да нацыянальнай ідэнтыфікацыі ў пытаньнях гісторыі, мовы і культуры.

А пасьля таго, як краінай стаў кіраваць Аляксандар Лукашэнка, беларуская гістарыяграфія стала падпарадкоўвацца палітычнай каньюнктуры — аб'яднаньню Беларусі з Расей.

У кнізе Лінднэра "Стварэньне нацыі й гістарычная палітыка ў Беларусі ў ХІХ–ХХ стагодзьдзях" якраз і даюцца многія гістарычныя тлумачэньні сытуацыі, а менавіта: чаму ў параўнаньні зь іншымі постсавецкімі краінамі нацыянальная беларуская гістарыяграфія мае такую слабую пазыцыю.

Паводле нямецкага гісторыка, на працягу апошніх стагодзьдзяў у Беларусі адчуваўся вялікі недахоп сваёй навуковай эліты, карнявой інтэлігенцыі, адмысловых навуковых школаў і камунікацыйных цэнтраў. Адначасова агульны ўзровень адукацыі насельніцтва быў даволі невысокі. Напрыканцы ХІХ-га стагодзьдзя тры з чатырох беларусаў не маглі пісаць і чытаць.

Аднак самай галоўнай прычынай несамастойнасьці нацыянальнай гістарычнай навукі, паводле Райнэра Лінднэра, была адсутнасьць нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

Аўтар зьвяртае ўвагу на тое, што да 1918 году Беларусі як адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінскі ўвогуле не існавала. Як вынік: большасьць беларусаў да таго часу ўсьведамлялі сябе канкрэтнымі жыхарамі канкрэтнага рэгіёну, а не абстрактнай нацыяй.

Да гэтага трэба дадаць такі істотны факт: да пачатку ХХ-га стагодзьдзя беларуская гістарычная навука стваралася пераважна ва ўнівэрсытэтах Кіева, Варшавы і Санкт-Пецярбургу. Зразумела, дастаткова тэндэнцыйна.

Вядомы сталінскі "паход у гісторыю" — з 1928 г. па 1934 г. — садзейнічаў пераўтварэньню імпэрска-расейскай гісторыі ў савецкую гісторыю. У 1931 годзе ў сваім адкрытым лісьце "Пра некаторыя пытаньні гісторыі бальшавізму" Сталін зрабіў першыя "рэкамэндацыі" па пераарыентацыі гістарычнай навукі: асновай гістарычнага мэтаду цяпер ня могуць быць дакумэнты, навуковыя крыніцы альбо літаратура. Вызначаць галоўныя фактары гістарычных ацэнак могуць толькі дзеяньні й меркаваньні бальшавікоў.

Па сутнасьці, паводле гэтае тэорыі ўжо можна было меркаваць, што неўзабаве супраць нацыянальнай гістарычнай школы, якая нараджалася ў Беларусі, пачнуцца сапраўдныя рэпрэсіі. Так і адбылося. У выніку шматлікіх арыштаў і расстрэлаў навукоўцаў Беларусь фактычна пазбавілася свайго нацыянальнага патэнцыялу.

Як лічыць Райнэр Лінднэр, з таго часу ў беларускай гістарыяграфіі амаль нічога не зьмянілася. Яна па-ранейшаму зьяўляецца палітычным інструмэнтам улады. Нават развал СССР, спыненьне цэнтралізаванага маскоўскага дыктату нічога не зьмянілі. Наадварот: з прыходам да ўлады Лукашэнкі гэтая функцыя толькі ўзмацнілася.

З пазыцыяў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларуская гісторыя так і засталася недасьледаванай. Яна толькі будуецца і перабудоўваецца афіцыйнымі калянавуковымі коламі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG