Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ПАРК “ПРЫПЯЦКІ” ПАДАТКАЎ ПЛАЦІЦЬ НЯ ХОЧА


Казімер Яноўскі, Жыткавічы

Мясцовыя кантралюючыя органы ня могуць ніякім чынам паўплываць на нядоімшчыка з прывілеямі. Як толькі падаткоўцы наважваюцца зарганізаваць праверку выплаты падаткаў, дырэктар Нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Сьцяпан Бамбіза папярэджвае, што ня пусціць інспэктараў правяраць свае структурныя падраздзяленьні. На тое патрэбны дазвол кіраўніцтва справаў Аляксандра Лукашэнкі.

Між тым, экспэрымэнтальная гаспадарка “Ляскавічы” – найбольш значная структурная адзінка Нацыянальнага парку – завінавацілася ў бюджэт з улікам ляснога падатку 697 мільёнаў рублёў, з іх непасрэдна ў Жыткавіцкі раённы бюджэт – 270 мільёнаў.

Эксперыментальная лясная гаспадарка “Ляскавічы” зарганізавана была яшчэ колішнім кіраўніком справаў прэзідэнта Іванам Ціцянковым для вырабу паркету з каштоўных гатункаў драўніны і экспарту піламатэрыялаў за мяжу. Сюды наведваўля і сам Аляксандр Лукашэнка, каб праверыць, як працуе новае імпартнае абсталяванне.

Экспэрымэнтатары зь Ляскавічаў пад маркай санітарнага дагляду спляжылі нямала дуброваў ў запаведных лясных масівах. Кіраўнік экспэрымэнтальнай гаспадаркі Васіль Бамбіза, дарэчы, родны брат дырэктара нацыянальнага парку “Прыпяцкі” Сьцяпана Бамбізы, тлумачыць, што падаткі ён ня можа выплаціць таму, што неабходна перш за ўсё сплачваць банку даўгі за валютныя крэдыты на суму 2,8 мільёнаў даляраў. За валюту гаспадарка купіла найноўшае імпартнае абсталяванне, якое і дэманстравала кіраўніку дзяржавы.

Жыткавіцкі райвыканкам, улічваючы важкую долю падатковых плацяжоў гаспадаркі “Ляскавічы” у раённы бюждэт, накіраваў у адміністрацыю Лукашэнкі ліст з інфармацыяй пра нядоімку. Адказу няма. Не паступіла пакуль і 270 мільёнаў рублёў плацяжоў ад экспэрымэнтальнай гаспадаркі Нацыянальнага парку.

Цяпер у Жыткавічах ламаюць галаву над тым, як разлічыцца з пэдагогамі, мэдычнымі работнікамі, усімі тымі, хто атрымлівае заробак зь бюджэту. Толькі настаўнікам за мінулы лістапад раённы бюджэт ужо завінаваціўся 114 мільёнаў рублёў.
XS
SM
MD
LG