Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КЛІНІЧНАЯ СЬМЕРЦЬ – ВЯЛІКАЯ ТАЯМНІЦА


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

44-х гадовы чалавек без прытомнасьці быў дастаўлены ў шпіталь бяз пульсу і працы мозгу. Лекары рабілі штучнае дыханьне, масаж сэрца і вэнтыляцыю лёгкіх. Мэдсястра, якая ўстаўляла зонд ў горла, убачыла, што гэты чалавек мае зубныя пратэзы. Яна дастала іх і паклалала непадалёку.

Тыднем пазьней, пасьля таго, як пацыет ачуняў, медсястра ўбачыла яго ізноў. Чалавек у той жа момант пазнаў яе. Памятаў ён і іншыя дэталі здарэньня, якія адбыліся ў той час, калі ён быў у глыбокай коме. Ён распавёў, што бачыў намаганьні лекараў, якія ратавалі яму жыцьцё. Гэтая гісторыя мінулым тыднем была надрукаваная не ў бульварнай газэце, а ў брытанскім мэдычным часопісе “Ланцэт”. Гэта адзін з апошніх у доўгай сэрыі экспэрымэнтаў у галіне “клінічнай сьмерці”, якія спрабуюць растлумачыць тое, што не паддаецца вытлумачэньню.

Новае дасьледаваньне, якое вядзецца ў Галяндыі, зьяўляецца адным з самых пэрспэктыўных. Дасьледчыкі назіраюць за сотнямі пацыентаў, якія былі рэанімаваныя пасьля клінічнай сьмерці. Ідэя ў тым, каб сабраць больш дакладныя зьвесткі, дакумэнтуючы расповяды людзей пра тое, што зь імі здарылася пасьля сьмерці, а не выкарыстоўваючы ўспаміны аддаленага мінулага.

Каля 18% дасьледаваных пацыентаў узгадалі, што зь імі адбывалася, калі яны былі ў клінічнай сьмерці, ад 8 да 12 адсоткаў дасьледаваных людзей бачылі агні напрыканцы тунэлю, размаўлялі з памерлымі сваякамі ці сябрамі. Дасьледчыкі сьцьвярджаюць правамоцнасьць перажываньняў “клінічнай сьмерці” і неабходнасьць пераасэнсаваньня тэорыі адной з найвялікшых мэдычных таямніцаў – прыроды чалавечай сьвядомасьці.

Бальшыня нэўролягаў лічыць, што сьвядомасьць – пабочны прадукт фізычнага мозгу, што духоўнае залежыць ад матэрыяльнага. Як сьвядомасьць можа быць незалежнай ад мазгавой функцыі? “Параўнайце гэта з тэлевізійнай праграмай”, – сказаў доктар Пім ван Ломмэль, галяндзкі кардыёляг, кіраўнік дасьледаваньня.

“Калі вы ўключаеце тэлевізар, вы не знаходзіце праграмы. Тэлевізар ёсьць атрымальнікам. Калі вы выключаеце тэлевізар, праграма па-ранейшаму там, але але вы ня можаце бачыць яе. Калі вы адключаеце свой глузд, вашая сьвядомасьць застаецца там, але вы ня можаце адчуваць гэта у вашым целе”.

І хоць галяндзкі вучоны сказаў, што дасьледаваньне ня мела на мэце даць адказ, ці існуюць такія рэчы, як душа ці Бог ці загробнае жыцьцё, многія засталіся скэптыкамі. У суправаджальным артыкуле Крыстафэр Фрэнч, кіраўніх дасьледаваньняў анамаліяў псыхікі Брытанскага Каледжу Голдсміта, піша, што шмат пытаньняў застаецца, але паводле яго “мы маем зразумелыя і натуральныя падставы верыць, што мы цалкам перажывем сьмерць і будзем ўзьядноўвацца з нашымі адыйшоўшымі любімымі.”

Пол Курц, былы прафэсар Дзяржаўнага ўнівэрсытэту Нью-Ёрку ў Буфала і кіраўнік Камітэту навуковых дасьледаваньняў анамаліяў, пагаджаецца: “Я ня думаю, што дасьледаваньне мае на мэце нешта большае за разуменьне працэсу сьмерці”. “Жыцьцё па-за целам і сьвятло, і падарожжы ў канец тунэлю, і сустрэчы з людзьмі па той бок – з майго гледзішча – псыхалягічныя станы, празь якія людзі праходзяць, паміраючы.” – кажа ён.

Абодвы мяркуюць, што слых – апошняе, што працуе, калі пры паміраньні адключаецца мозг і што пацыенты, накшталт таго 44-гадовага мужчыны, маглі чуць некаторыя падзеі, што адбываліся каля іх, і падсьвядома ўзнавілі іх на візуальным роўні. Людзі, якія перажылі гэта, адзначылі зьмены ў сваіх індывідуальнасьцях, у параўнаньні з тымі, хто наблізіліся да клінічнай сьмерці, але не перажылі яе.

Яны казалі, што ім здавалася, што гублялі страх перад сьмерцю і што яны станавіліся больш спачувальнымі, альтруістычнымі і здольнымі любіць.
XS
SM
MD
LG