Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАДЫЁ БРЭМЭН ПРА КАЛЯДЫ Ў БЕЛАРУСІ


Алена Панкратава, Менск

Традыцыйна за месяц да калядаў Радыё Брэмен зьвяртаецца да карэспандэнтаў АРД, агульнанямецкага радыё, паведаміць пра штосьці надзвычайна-каляднае – падзею, сытуацыю, страву, рытуал, якія характэрныя толькі для гэтай, а ніякой іншай краіны. Праграма "Для калядных вар'ятаў" альбо людзей, якія шукаюць надзвычайных калядных прыгодаў, вельмі папулярная ў Нямеччыне.

На тле рэпартажаў з Дэлі, дзе пякуць асаблівыя калядныя сьлівовыя пірагі, альбо з Прагі, дзе у масавым парадку забіваюць карпаў, альбо з Шангаю, дзе на вуліцах гандлююць лёгкім сьвяточным дурманам, карэспандэнцыя зь Менску мае нечаканую інтрыгу. Паводле карэспандэнтаў АРД, беларуская сталіца цікавая для калядных вар'ятаў тым, што тут... няма нічога каляднага.

Але, сьцьвярджаюць яны, тую казачную і фантасмагарычную перадкалядную атмасфэру, да якой прызвычаіліся жыхары Заходняй Эўропы, у Беларусі ўбачыць усё ж можна. У лесе. Сьнежаньскія беларускія лясы – гэта ў эўрапейскім разуменьні надзвычайны цуд. Бо гэта сапраўдны сьнег на сапраўдных векавых соснах ці бярозах. Аднак Каляды тут ні пры чым.

На вуліцах двухмільённай беларускай сталіцы – тыповага постсавецкага гораду – гэтымі днямі ўбачыш звычайныя перапоўненыя пасажырамі аўтобусы, шапікі з пірацкімі аўдыё- і відэакасэтамі. Што тычыць крамаў, то галоўная іхная прыкмета – не перадсьвяточны гандаль, а спэцыфічна жартоўныя дачыненьні паміж гандлярамі і пакупнікамі.

"Мужчына, што вам тут трэба?” – зьвяртаецца да аднаго з нас гандлярка супермаркету, калі мы ня можам прыйсьці да высновы, які з усяго трох, прычым абсалютна падобных сартоў кілбасы ці сыру нам лепш купіць.

"Дзевушка", – так з савецкага часу зьвяртаюцца беларускія пакупнікі да гандлярак нават пэнсійнага узросту, – “вы тут працуеце?” – гэткае пытаньне адрасуецца жанчыне ля касы. У гэты момант яна занятая сваім манікюрам.

Тэрор калядных вырабаў, дый ня толькі калядных, пакуль што не закрануў Беларусі.

Сапраўды, няма нічога каляднага зараз у Беларусі. Аднак, кажуць нам, ня выключана, што ў сьвяты калядны вечар па праграме Беларускага тэлебачаньня прагучыць выступ беларускага прэзыдэнта. Па сутнасьці, гэта цалкам у калядных традыцыях любой заходнеэрапейскай краіны. Але па Беларускай тэлевізіі Лукашэнка выступае кожны дзень. Тэмы ягоных выступаў надзвычай пасуюць да казачнай каляднай тэматыкі: у сакавіку пэнсіянэрам павысяць пенсію на 20%, а настаўнікам – заробак на 25% (аднак, крыху пазьней – у чэрвені).

У гэтым зьвязку, зьвяртаюцца нямецкія журналісты да слухачоў, давайце ўзгадаем, у якой каляднай прамове наш нямецкі прэзідэнт абяцаў вам павысіць вашыя даходы?

Нашыя наздвычайныя пошукі калядных прыкметаў у такім некалядным Менску працягваюцца. Нечакана сустракаем суайчыннікаў, якія адмыслова прыехалі сустракаць каляды ў Беларусь. У адказ на нашыя аргумэнты яны пачынаюць пярэчыць нам: "Вы што, ня бачылі вялізных елак зь ліхтарыкамі на менскіх плошчах?" Елкі мы бачылі, аднак яны ёсьць прыкметай не калядаў, а Новага году. Беларусы як і ўсе грамадзяне былога СССР, сьвяткуюць тое, што ў нас называецца зьменай году. Падчас гэтага сьвята тут як раз і ўжываюцца ўсе атрыбуты Калядаў.

Аднак ня будзем далей інтрыгаваць слухачоў, – гавораць аўтары праграмы. Каляды ў Беларусі ўсё ж ёсьць. Сьвяткуюцца яны, праўда, са спазьненьнем –7-га студзеня. Зьвязана гэта з тым, што праваслаўная царква ў 1582 годзе не перайшла на новы Грыгарыянскі каляндар, а працягвала жыць паводле старога – юліянскага. У той дзень, калі ў Нямеччыне прынята адзначаць сьвята трох каралёў, праваслаўныя цэрквы, праводзячы калядную літургію, ня могуць ўмясціць ўсю сваю паству. На працягу трох гадзінаў беларускія вернікі і проста цікаўныя стоячы слухаюць сьвяточную службу. Менавіта ў гэтыя дні трэба ехаць у Беларусь. У той самы час, калі ў Нямеччыне, Эўропе калядныя канікулы заканчваюцца.
XS
SM
MD
LG