Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНЧАРЫК: “ПРАФСАЮЗЫ ХОЧУЦЬ УЗЯЦЬ ПАД ДЗЯРЖАЎНЫ КАНТРОЛЬ”


Міхал Стэльмак, Менск

Адбылося пазачарговае паседжанне прэзыдыюму Фэдэрацыі, які выказаў пратэст супраць рашэньня Савету Міністраў пра забарону цэнтралізаванага пералічэньня прафсаюзных складак. Старшыня Фэдэрацыі Ўладзімер Ганчарык назваў цынічным "клопат" уладаў пра правы прафсаюзаў. Паводле ягоных словаў, насамрэч улады кіраваліся іншай мэтай:

(Ганчарык: ) "Мэта — узяць прафсаюзы пад дзяржаўны кантроль. Зрабіць іх больш слабымі. Цяпер ідзе працэс станаўленьня незалежных арганізацыяў. І хаця яны незалежныя ў рознай ступені, гэта ёсьць фактам. Можна папракаць прафсаюзы за ўдзел у палітыцы, Ганчарыка ў выбарах, але ня гэта галоўнае. Ёсьць намер арганічнага непрыняцьця прафсаюзаў як часткі грамадзтва. Так працуе цяперашняя сыстэма ўлады — усё мусіць быць пад кантролем. Усё мусіць дзейнічаць так, як скажуць "зьверху".

(Карэспандэнт: ) "Хто, на ваш погляд, ёсьць сапраўдным заказчыкам урадавай пастановы?"

(Ганчарык: ) "Сапраўдны заказчык урадавай пастановы — Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка. Таму што ёсьць рэзалюцыя на адным яго дакумэнце, дзе ён напісаў усе тыя словы, якія потым былі зацьверджаныя пастановай Савету Міністраў", — мяркуе Ўладзімер Ганчарык.

Ён паведаміў, што сёньня Фэдэрацыя распачала кампанію, мэта якой — адмена пастановы. У прыватнасьці, беларускія прафсаюзы зьвярнуліся па дапамогу да Міжнароднай арганізацыі працы, Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі, іншых міжнародных арганізацыяў. Але галоўныя спадзяваньні на посьпех кампаніі лідэры беларускіх прафсаюзаў зьвязваюць з пратэстамі ўнутры краіны.

З гэтай мэтай сёньня накіраваны зварот прэзыдыюму да прафсаюзных арганізацыяў і сяброў прафсаюзаў. У дакумэнце гаворыцца, што ўлады разьлічваюць аслабіць прафсаюзы, ускладніць іхныя магчымасьці ў справе абароны людзей ад беззаконьня і свавольства наймальнікаў і чыноўнікаў.

Апроч таго, зараз больш як 75% прафсаюзных складак застаецца ў першасных суполках, найперш для аказаньня шараговым сябрам прафсаюзаў матэрыяльнай дапамогі. Таму ўрадавая пастанова, як лічыць прафсаюзнае кіраўніцтва, фактычна паставіць крыж на такой дапамозе. Якой рэакцыі на зварот да першасных прафсаюзных суполак чакае Фэдэрацыя? Адказваючы на гэтае пытаньне нашага радыё, Уладзімер Ганчарык зазначыў:

(Ганчарык: ) "Гэта мусіць знайсьці адлюстраваньне ў тых рэзалюцыях, пастановах, зваротах, якія будуць накіраваныя ў адміністрацыю прэзыдэнта, Савет Міністраў, Канстытуцыйны суд".
XS
SM
MD
LG