Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗАЯВА БЕРАСЬЦЕЙСКАГА СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ СУПРАЦЬ ЦІСКУ ЎЛАДАЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Паводле зьвестак з абласной рады Свабоднага прафсаюзу, найбольш яскравыя прыклады цiску на сябраў СПБ зараз назiраюцца ў Берасьцейскiм дзяржаўным унiвэрсытэце. Цягам апошнiх месяцаў не былi зацьверджаныя на займаных пасадах i загадам рэктара звольненыя з працы выкладчыкi Яўген Бяласiн, Уладзiмер Замкавец, Iгар Маслоўскi ды некалькi асобаў з тэхнiчнага пэрсаналу.

Дацэнты, Анатоль Ляўковiч i Анатоль Лысюк атрымалi вымовы. У судзе разглядаецца справа прафэсара Iвана Кожуха, якi насуперак рашэньню навуковай рады ўнiвэрсытэту ня быў зацьверджаны на пасадзе загадчыка катэдры.

Рэктар гэтай навучальнай установы Ўладзiмер Плецюхоў называе Свабодны прафсаюз "незаконнай i дэструктыўнай арганiзацыяй". Сваiм рашэньнем ён адмовiў унiвэрсытэцкай суполцы СПБ у памяшканьнi й карыстаньнi юрыдычным адрасам.

Берасьцейскi дзяржунiвэрсытэт — не адзiная структура, дзе адбываецца перасьлед актывiстаў Свабоднага прафсаюзу. Гаворыць кiраўнiк абласной арганiзацыi СПБ Валянцiн Лазарэнкаў:

(Лазарэнкаў: ) "Мы маем прыклады, як за апошнiя два–тры месяцы ўзмацнiўся цiск на структуры СПБ у iншых рэгiёнах. Так, напрыклад, у пiнскай гiмназii на сёньняшнi дзень церпяць актывiсты, якiя заяўлялi ў судзе пратэст супраць дзеяньняў, што зьвязаныя не з выхаваўчай працай i навучаньнем, а нарыхтоўкай сена, рамонтам школы, суботнiкамi й г.д.

У тралейбусным парку Берасьця адмiнiстрацыя цiсьне на прафсаюз транспартнiкаў. У гэтым прафсаюзе зараз засталіся толькi чатыры чалавекi зь пятнаццацi, што былi лiтаральна паўгода таму. Лiдар гэтага прафсаюзу таксама быў звольнены сёлетняй вясной.

Разам усе гэтыя факты сьведчаць пра тое, як сёньняшняя ўлада парушае правы работнiкаў Свабоднага прафсаюзу i аказвае цiск за прыналежнасьць да гэтага прафсаюзу".
XS
SM
MD
LG