Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ БІЗНЭСОЎЦА АНДРЭЙ ЖУКАВЕЦ ПЕРАМОГ У АПЭЛЯЦЫЙНЫМ СУДЗЕ БЕЛАСТОКУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Месяц таму акруговы суд у Беластоку паўторна пастанавіў, што “няма прычынаў меркаваць, што на Беларусі спадара Жукаўца ня будуць судзіць паводле заканадаўства”. Фактычна, суд даў згоду на экстрадыцыю Андрэя Жукаўца на Беларусь.

Незадаволены выракам Беластоцкага Акруговага суду, беларускі бізнэсоўца ізноў накіраваў скаргу ў суд апэляцыйны. Адначасова Жукавец распаўсюдзіў адкрыты ліст да генэральнага пракурора і міністра юстыцыі Польшчы Барбары Піўнік, у якім выказаў недавер Беластоцкаму акруговаму суду ды прасіў дэталёва разгледзець ягоную справу.

Паводле Жукаўца, акруговы суд у Беластоку ня ўзяў да ўвагі шэраг істотных дакумэнтаў, а абапіраўся толькі на дадзеныя з афіцыйнай заявы беларускіх уладаў на ягоную экстрадыцыю.

Сёньня апэляцыйны суд пагадзіўся, што ня ўсе дакумэнты ў справе Андрэя Жукаўца былі ўзятыя пад увагу акруговым судом (нягледзячы на рэкамэндацыі папярэдняга апэляцыйнага суду). Суд таксама далучыў да справы новыя дакумэнты, якія сьведчаць аб тым, што фірма “Трэйс”, саўладальнікам якой быш Жукавец, усё ж сплочвала банкаўскія пазыкі.

Абаронца Андрэя Жукаўца ў сваёй прамове таксама адзначыў, што няма патрэбы даводзіць, што судовая сістэма на Беларусі ня ёсьць незалежнай, бо гэта агульнавядома і аб гэтым сьведчаць шматлікія справаздачы міжнародных праваабарончых арганізацыяў.

Пасьля чатырохгадзіннга перапынку, судзьдзя Анджэй Улітка абвесьціў пастанову апэляцыйнага суду:

(Улітка: ) “Суд пастанаўляе адхіліць абскарджанае рашэньне і перадаць справу дзеля паўторнага разгляду акруговаму суду ў Беластоку”.

Такім чынам, акруговы суд у Беластоку будзе ўжо трэці раз разглядаць справу аб экстрадыцыі беларускага бізнэсоўца на Беларусь.


Вырак суду камэнтуе старшыня зьвзу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы Ян Абадоўскі.

(Абадоўскі: ) “Апэляцыйны суд яшчэ раз падцьвердзіў, што акруговы суд не браў пад увагу звароты беларускіх апазыцыйных палітычных і грамадзкіх арганізацыяў у падтрымку Жукаўца, заявы праваабарончых арганізацыяў.
Акруговы суд нават не выканаў пажаданьняў папярэдняга апэляцыйнага суду, які пастанавіў прыняць да ўвагі ўсе дакумэнты. Мы спадзяемся што цяпер справа Жукаўца будзе разгледжаная як належыць”.

Варта дадаць, што сам Андрэй Жукавец, які знаходзіцца ў Польшчы ўжо больш за два гады, сёньня ў судзе не зьявіўся.
XS
SM
MD
LG