Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАР ВІК ПАКІДАЕ БЕЛАРУСЬ 22 СЬНЕЖНЯ


Уладзімер Глод, Менск

Апошняе сёлета паседжаньне лідэраў апазыцыйных палітычных партыяў прайшло пад знакам разьвітаньня з кіраўніком Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Гансам-Георгам Вікам. Амбасадар пакідае Беларусь 22 сьнежня. З новага году выканаўцам абавязкаў старшыні групы будзе цяперашні намесьнік Віка Мішэль Рывалье.

Што тычыцца пераемніка амбасадара Віка, дык цяперашні кіраўнік КНГ сказаў, што патэнцыйны кандыдат добра ведае постсавецкія рэаліі, ён ёсьць юрыстам па адукацыі, яшчэ два гады таму працаваў амбасадарам Нямеччыны ва Ўкраіне. А затрымка з прызначэньнем, на думку амбасадара Віка, выкліканая тым, што АБСЭ павінна мець цьвёрдую гарантыю, што пераемнік кіраўніка КНГ АБСЭ ў Беларусі атрымае візу на ўезд. Зьвязаная паўза, паводле Віка, і са спробай афіцыйных уладаў Беларусі навязаць АБСЭ сваё бачаньне таго, чым павінна займацца КНГ.

Пасьля паседжаньня я папрасіў амбасадара Віка коратка падсумаваць вынікі сваёй чатырохгадовай працы ў Беларусі. Гаворыць Ганс-Георг Вік:

(Вік: ) "Мы ня здолелі дамагчыся таго, каб у Беларусі прайшлі свабодныя й дэмакратычныя выбары цягам апошніх чатырох гадоў. Самае сур'ёзнае дасягненьне, хутчэй за ўсё, тое, што ўзрасло разуменьне, што такое дэмакратычныя структуры і дэмакратычныя падыходы, якія ўзьніклі як сярод грамадзянскай супольнасьці, так і сярод пэўнай часткі намэнклятуры і ўраду".

Станіслаў Шушкевіч, які старшыняваў на сёньняшнім паседжаньні, даў наступную характарыстыку нямецкаму дыплямату:

(Шушкевіч: ) "Гэта вельмі высокаадукаваны амбасадар, які добра ведае сытуацыю ў Эўропе, у сьвеце. Вельмі памяркоўны. Ён дапускаў такую палеміку, якую, мне здаецца, іншыя не дапускалі. Таму абмеркаваньні былі заўсёды сур'ёзнымі. Вельмі шкада, што наш рэжым так дрэнна ацэньвае ягоную працу і так дрэнна да яго ставіцца".

Лідэры апазыцыйных палітычных партыяў сёньня вырашылі дапрацаваць пакрокавую стратэгію апазыцыі ў адносінах зь міжнароднымі арганізацыямі, а таксама заслухалі справаздачу Ўладзімера Нісьцюка і Леаніда Лемяшонка пра паездку групы апазыцыянэраў і дэпутатаў "палаты прадстаўнікоў" у Швэцыю.
XS
SM
MD
LG