Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ДЗІЦЯЧЫЯ ЛІСТЫ ДА ДЗЕДА МАРОЗА ЗАСТАНУЦЦА БЕЗ АДКАЗУ


Ігар Карней, Менск

Сяброўка маёй малой дачкі распавяла пра тое, што напісала ліст да Дзеда Мароза яшчэ ў кастрычніку. Учора я запытаў, ці ёсьць ужо нейкі адказ.

(Карэспандэнт: ) "Я ведаю, што ты даслала ліст Дзеду Марозу".

(Дзяўчынка: ) "Так. Я прасіла ў яго маленькага сабачку. Але больш за ўсё я мару пра жарабя".

(Карэспандэнт: ) "Калі Дзед Мароз табе не адкажа, ты пакрыўдзісься?"

(Дзяўчынка: ) "Так. Мне будзе ня вельмі добра, калі ён не напіша. Я вельмі хачу, каб ён даў адказ".

(Карэспандэнт: ) "А як ты лічыш, у яго хапае часу даць адказ кожнаму?"

(Дзяўчынка: ) "Ня ведаю. Але ж ён сам запрашаў дасылаць яму лісты. Таму як-небудзь мусіць адпісаць усім".

Мяркуючы па тым, як паставіліся да акцыі самі аўтары ідэі, сёлета ніякіх адказаў ад Дзеда Мароза ня будзе. На менскім паштамце мне так і не сказалі, хто канкрэтна адказны за праект зь лістамі да Дзеда Мароза — спаслаліся толькі на міжнародны досьвед.

Але адзін з клеркаў заўважыў, што ніхто не разьлічваў на такое актыўнае ліставаньне. Маўляў, не хапае вольных супрацоўнікаў, якія маглі б займацца выключна чытаньнем лістоў, ня кажучы пра тое, каб яшчэ пасылаць адказы.

Летась, пасьля таго, як Паштамт таксама быў літаральна завалены дзіцячымі лістамі, кіраўніцтва "Белпошты" пасьпяшалася перайсьці на камэрцыйныя рэйкі: калі бацькі плацяць 2 тысячы рублёў, дык дзіця атрымлівае паштоўку. Такім чынам, паводле некаторай інфармацыі, прадпрыемства зарабіла амаль 30 тысяч даляраў.

Зараз няма й такога варыянту. За два тыдні да Новага году тут мёртвым грузам ляжаць блізу 10 тысяч лістоў, і гэтая колькасьць расьце. Сытуацыю спрабаваў хоць неяк выправіць менскі адвакат Аляксандар Краўчанка. Ён нават заснаваў адпаведную структуру, але пошукі фундатараў скончыліся нічым. Зараз да справы далучыліся навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэя, якія самі купляюць паштоўкі, капэрты й дасылаюць адказы падманутым дзецям.

(Ліцэістка: ) "Жахліва, калі дзеці губляюць веру ў казку, губляюць самае добрае, бо Дзед Мароз заўсёды атаясамліваўся з дабрынёй, чысьцінёй. Гэта мара дзяцей! Нельга так рабіць! Калі за нешта бярэсься, трэба справу даводзіць да ладу, а ня так — кінуць. Падманулі ня толькі дзяцей, але й саміх сябе".

(Ліцэіст: ) "Ведаеце, калі б нехта хацеў дапамагчы, то дапамог бы. Гэты дзядзечка, спадар Краўчанка, ад сьнежня мінулага году шукае дапамогу. Ён цягам усяго году зьвяртаўся да нашых кіраўнікоў, прадпрымальнікаў. І ніхто ўрэшце так і не сабраўся дапамагчы".

Ліцэісты прынесьлі кіпу лістоў, усе капэрты запячатаныя. На некаторых —лістападаўскі штамп адпраўленьня.Таму перш, чым сесьці за матэрыял, вывучаю пошту. Тут пераважна просьбы: дашлі, Дзед Мароз, плэер, вуду, фотаапарат і г.д. Але ёсьць і зусім нечаканыя.

Сярожа Шаўчэнка зь Лепельскага раёну піша: "Я пераканаўся, што ты, Дзед Мароз, чараўнік. Бо калі прыйшоў з-за гары, дык адразу зачараваў нашага старшыню калгаса. Ён пакуль ня даў нам, як абяцаў, дом, але ж яго раённая ўлада ўжо здымае, і ставіць новага. Мо будзе лепшы".

Сяргей Халюкоў з Горак просіць 20 тысяч рублёў на куртку: старая вельмі халодная, а ў бацькоў ледзьве хапае грошай на харчаваньне. "Гэта і ёсьць мая навагодняя мара", — піша першаклясьнік.

Жэня з Ушачаў скардзіцца, што пісаў летась і не атрымаў адказу. Таму напрыканцы ліста сумняецца, што Дзед Мароз існуе наогул: гэта, дарэчы, самая папулярная выснова дзіцячых лістоў.

Саша Кудроў з Рэчыцы просіць пісталет з кулькамі й жадае, каб у Дзеда Мароза ў хаце заўсёды было цёпла, бо ў іхнай кватэры зімна, як на вуліцы. Віця Хадарышчанка з Магілёўшчыны скардзіцца, што пасьля таго, як памёр бацька, ён ніводнага разу не атрымліваў падарункі. Таму і ня любіць сьвяты.

Уразіў ліст з Гомеля, ад Алісы. Яна нічога ня просіць; сьмяецца сама зь сябе (прыкладам, раней думала, што Дзед Мароз — гэта зьвер, бо жыве ў лесе); узгадвае, што, калі шмат гадоў таму да іх у кватэру прыйшоў Дзед Мароз, яна запатрабавала, каб ён нічога ня браў, бо ў гэты ж дзень у садку ўжо скралі санкі. А пасьля расказвае пра сваё жыцьцё.

Калі Алісе было ўсяго два месяцы, яе паўжывую знайшоў на вуліцы дворнік. Жанчыну, якая такім чынам пазбавілася ад дзіцяці, не знайшлі. Пасьля шпіталя яе аднесьлі ў гомельскі дом дзіцяці й далі імя Вольга Салаўёва. Потым яе забралі ў новую сям'ю, дзе назвалі Алісай. З таго часу жыве з новай мамай: вельмі сьціпла, бо ніякай дапамогі ні ад каго няма. А так шмат чаго хочацца! — зьвяртаецца да Дзеда Мароза дзяўчынка.

Дзеці забясьпечаных бацькоў разьлічваюць на тое, што падарункі й без таго будуць ляжаць пад ёлкай. Але каб даць надзею іншым, не патрэбныя нават вялікія выдаткі. Гаворыць ліцэіст Глеб:

(Глеб: ) "Грошы невялікія. Адна капэрта каштуе 84 рублі. Паштоўкі ёсьць па сто рублёў — ня самыя крутыя, але для масавых адказаў тое, што трэба. Пошта й гэтага не дае нам. Хоць для іх гэта было б значна таньней, чым для простых грамадзянаў, якія хочуць нечым дапамагчы. Нам грошы ніхто не дае. Кожны, хто бярэцца адказваць на лісты, за ўласныя грошы набывае капэрты, паштоўкі ды адказвае. Многія з нас дасылаюць невялікія падарункі: кніжкі, лялькі, цацкі. Ежу не рызыкуем, бо раптам сапсуецца, пакуль дойдзе".

Цікава, што зьвяртаюцца да Дзеда Мароза ня толькі малыя. Шмат лістоў прыкладна такога зьместу: ёсьць трактар — дашлі касілку. На што разьлічваюць у гэтай гульні самі ж дарослыя — наўрад ці возьмеццца патлумачыць нават Дзед Мароз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG