Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ МЭДЫЦЫНЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* ЕРУСАЛІМ. Ізраільскія генэтыкі дасьледуюць тысячы пробаў крыві габрэяў усходнеэўрапейскага паходжаньня для выяўленьня генэтычных прычынаў такіх хваробаў, як схізафрэнія, астма і хвароба Паркінсана. Генэтычная інфармацыя хворых на гэтыя хваробы параўноўваюцца зь інфармацыяй здаровых людзей для выяўленьня спэцыфічных адхіленьняў. Дасьледаваньням спрыяе генэтычная аднастайнасьць усходнеэўрапейскіх гэбраяў — ашкеназаў, якія паходзяць ад невялікай колькасьці старажытных мігрантаў і на працягу стагодзьдзяў ня зьмешваліся зь іншымі этнічнымі элемэнтамі.

* МАКОКУ (ГАБОН). Улады Габону выказалі неспакой з прычыны таго, што хвароба эбола, ад якой за апошні месяц у краіне памёрла 11 чалавек, можа пашырыцца на суседнія краіны, бо некаторыя хворыя пакінулі свае мясьціны і перайшлі праз слаба ахоўваную мяжу ў Рэспубліку Конга. У самым Габоне працуе група экспэртаў Сусьветнай Арганізацыі Аховы Здароўя, а таксама прадстаўнікі міжнародных няўрадавых арганізацыяў «Лекары бязь межаў» і «Эпіцэнтар». Эбола — невылечная хвароба, упершыню выяўленая 25 гадоў таму ў Заіры. На позьняй стадыі хваробы вірус разьядае вены і артэрыі, што прыводзіць да ўнутранага крывацёку. Да 90 працэнтаў хворых памірае.

* ВЕНА. Аўстрыя пацьвердзіла ў пятніцу, што ў краіне выяўлены першы выпадак каровінага шаленства. Такім чынам, адзінай краінай Эўрапейскага Зьвязу, дзе не было зарэгістравана гэтай хваробы, застаецца Швэцыя. Хворая шасьцігадовая карова нарадзілася і была выгадаваная ў самой Аўстрыі, якая доўгія гады лічыцца краінай арганічнай сельскай гаспадаркі з высокімі вэтэрынарнымі стандартамі. Тыдзень таму першы выпадак каровінага шаленства быў таксама зафіксаваны ў Фінляндыі.

* ДАНВЭРС (МАСАЧУСЭТС). Кампанія ABIOMED, паведаміла пра сьмерць яшчэ аднаго пацыента зь імплянтаваным штучным сэрцам. 74-гадовы мужчына памёр праз 56 дзён пасьля імплянтацыі з прычыны спыненьня дзеяньня ўнутраных ворганаў. Такім чынам з шасьці чалавек, якім было імплянтаванае сэрца з плястыку і тытану, распрацаванае кампаніяй, застаюцца жывыя толькі трое. Першы пацыент памёр 30 лістапада, пражыўшы са штучным сэрцам 151 дзень. Яшчэ адзін не перажыў апэрацыю перасадкі.

* ЛЁНДАН. Дасьледнікі Брытанскага Цэнтру Практычнай Мікрабіялёгіі прыйшлі да высновы, што ў выпадку выкарыстаньня біятэрарыстамі бактэрыяў воспы, ад аднаго хворага чалавека могуць заразіцца ад 6 да 12 іншых. Воспа была выкараненая ў сьвеце больш за 20 гадоў таму, у сувязі з гэтым былі адмененыя абавязковыя прышчэпкі ад гэтай хваробы. Адзіныя ў сьвеце дазволеныя ўзоры бактэрыяў воспы маюць Злучаныя Штаты і Расея, аднак навукоўцы занепакоеныя, што пэўныя запасы вірусу могуць мець такія краіны, як Ірак або Паўночная Карэя.

* ТАПІКА (КАНЗАС). Улады штату Канзас паведамілі, што ў злоўленага канзаскага лася былі выяўленыя сымптомы хваробы, падобнай да каровінага шаленства. Хвароба хранічнай атрафіі мозгу тыдзень таму была выяўленая ў чатырох белахвостых аленяў у штаце Нэбраска. Гэтая хвароба была вядомая ў заходніх штатах ЗША дзесяцігодзьдзямі, аднак апошнім часам колькасьць і арэал захворваньняў пашырыўся. У адрозьненьне ад каровінага шаленства, яна ніяк не зьвязаная з захворваньнямі чалавека.

* МЭДЫСАН (ВІСКОНСЫН). Лекары ў штаце Вісконсын распрацавалі мэханічную піяўку для выкарыстаньня ў хірургіі. Мэханічная піяўка ўводзіцца пад скуру і можа «высмактаць» любую колькасьць крыві, не даючы ёй згортвацца. Выкарыстаньне мэханічнай піяўкі зьмяншае рызыку інфэкцыі, апрача таго, паводле сьведчаньня дактароў, яна не выклікае ў пацыентаў агіду, як сапраўдная жывая піяўка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG