Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКАЯ ПРАВАСЛАЎНАЯ ЦАРКВА ПРЫЦЯСЬНЯЕ ІНШЫЯ КАНФЭСІІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

“Трох праваслаўных сьвятароў на Беларусі пазбавілі духоўнага сану. А яшчэ супраць аднаго, ідзе зараз кананічны працэс. Афіцыйнай прычынай ёсьць парушэньне прысягі на вернасьць Царкве, а таксама дзейнасьць, якая шкодзіць Царкве” - гаворыцца ў артыкуле.

Далей аўтар матэрыялу Цэзары Галіньскі, распавядае пра сьвятара Вячаслава Гнядзько, якога пакаралі за тое, што ён не хацеў браць грошы ад вернікаў паводле існуючага каштарысу, бо, як кажа сьвятар, “праз гэта Царква ператвараеца ў гандлёвы дом”.

Іншы праваслаўны сьвятар, айцец Леанід Пляц зь вёскі Забалоцьце што пад Смалявічамі, у прысутнасьці вернікаў зьвярнуўся да кіраўніцтва Расейскай Праваслаўнай Царквы з прапановай пакаяцца за грэх супрацоўніцтва з атэістычнай уладай.

“Натуральна, што цяпер царкоўныя ўлады ня хочуць прызнавацца ў супрацоўніцтве з камуністамі, таму сьвятару з Забалоцьця забаранілі спраўляць набажэнствы ды практычна адабралі парафію”, - напісана ў артыкуле.

У выніку айцец Леанід разам зь вернікамі перайшоў пад юрысдыкцыю Расейскай Сапраўднай Праваслаўнай Царквы. Той, якая за савецкім часам пайшла ў падпольле, адмаўляючыся ад супрацоўніцтва з бальшавікамі, а цяпер ўжо легальна дзейнічае на тэрыторыі Расеі і Украіны. Аднак, беларускія ўлады, лябіраваныя праз Расейскую Праваслаўную Царкву, ня хочуць афіцыйна рэгістраваць парафію айца Леаніда, якая належыць цяпер да Расейскай Сапраўднай Праваслаўнай Царквы.

Далей аўтар распавядае пра вядомага на Беларусі айца Яна Спасюка, які перасьледуецца Расейскай Праваслаўнай Царквой і ўладамі за далучэньне да беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.
Айцу Яну, якога ўжо арыштоўвалі, зачынялі царкву ў ягонай парафіі, а цяпер хочуць пазбавіць духоўнага сану, на Беларусі пагражае яшчэ і судовы працэс – за распальваньне рэлігійнай варожасьці.

“Gazeta Wyborcza” адзначае, што гіерархі Расейскай Праваслаўнай Царквы начале з Алексіем ІІ наўпрост заяўляюць пра кананічную прыналежнасьць тэрыторыі Беларусі да Царквы і пра тое, што ня хочуць дапусьціць на гэтай тэрыторыі ўплыву іншых Цэркваў.

“Адсюль і зьявіўся намер контар-пілігрымкі Алексія ІІ, якую маскоўскі Патрыярх сёлета зьдзейсьніў уздоўж беларуска-украінскай мяжы як раз у той час, калі ў Львове і Кіеве знаходзіўся Ян Павал ІІ” – адзначае аўтар.

“Расейская Праваслаўная Царква на Беларусі пачуваецца добра. Зрэшты самой краінай кіруе, паводле свайго уласнага вызначэньня, “праваслаўны атэіст”.

У наступным годзе, насуперак Канстытуцыі, якая гарантуе роўнасьць усім рэлігіям, ды насуперак Закону аб свабоде веравызнаньня, у дзяржаўным бюджэце нават прадугледжаныя сродкі на фінансаваньне менавіта Беларускага Экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы”, - гаворыцца ў артыкуле “На Беларусі цэрквы няроўныя”, які зьмясьціла напярэдадні польская “Gazeta Wyborcza”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG