Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА СТАРШЫНЮ КХП БНФ АДЗІНАГАЛОСНА АБРАНЫ ЗЯНОН ПАЗЬНЯК


Альгерд Невяроўскі, Менск

У сёньняшнім зьезьдзе бралі ўдзел 147 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Паводле аднаго з арганізатараў гэтага мерапрыемства, першага намесьніка старшыні КХП БНФ Юрася Беленькага, зьезд ёсьць чарговым справаздачна-выбарчым, як таго й патрабуе беларускае заканадаўства.

Той факт, што зьезд КХП БНФ праходзіць у адзін дзень са зьездам партыі БНФ спадара Вячоркі, паводле Юрася Беленькага, ёсьць выпадковым супадзеньнем. Ніякіх асаблівых зьменаў у стратэгію КХП БНФ дэлегаты зьезду вырашылі ня ўносіць. Гаворыць Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) "Рэчышча, у якім прагаласавала партыя за гэты пэрыяд, я маю на ўвазе з моманту мінулага зьезду і соймавай канфэрэнцыі, — яно не зьмянілася. Тыя канцэптуальныя падваліны, якія былі ў аснове стварэньня Фронту яшчэ 13 гадоў таму, яны засталіся. Гэта наша апора на кансэрватыўныя, хрысьціянскія каштоўнасьці, на нацыянальную ідэю, на маральнасьць у палітыцы. Галоўная нашая мэта — адстойваньне незалежнасьці Беларусі".

На зьездзе быў зачытаны палітычны даклад Зянона Пазьняка. Асноўная яго частка была прысьвечаная змаганьню сяброў КХП БНФ з антыбеларускай палітыкай, якую праводзяць нямецкія й расейскія дыпляматы, АБСЭ і шэф менскай групы гэтай арганізацыі Ганс-Георг Вік.

Паводле Зянона Пазьняка, спадар Вік ды іншыя нямецкія палітыкі разам з "прагматычнай беларускай апазыцыяй" праводзілі бессэнсоўныя размовы з уладамі, і такім чынам легітымізоўвалі рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Лідэр КХП БНФ лічыць, што апазыцыя здрадзіла ідэалам беларускай незалежнасьці, гуляючы ў рэальную палітыку, і толькі ягоная партыя супраціўлялася інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі, праводзячы маральную хрысьціянскую палітыку.

Зянон Пазьняк вельмі нэгатыўна выказваўся пра незалежныя сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку й пра Радыё Свабода, якое, на думку Пазьняка, робіць "непатрэбны пустапарожні шум".

Зянон Пазьняк заклікаў дэлегатаў зьезду й надалей праводзіць кампанію пад назвай "Беларуская салідарнасьць у абарону, незалежнасьці, мовы й культуры", а таксама дамагацца правядзеньня нечарговых прэзыдэнцкіх выбараў пад міжнародным пратэктаратам.

Лідэр КХП БНФ прызнаў толькі адну хібу ў дзейнасьці партыі — не сабралі 150 тысяч подпісаў дзеля вылучэньня яго кандыдатам на прэзыдэнта. Кіраўнікі КХП БНФ пакуль ня бачаць магчымасьці ўваходзіць у кааліцыі з "прагматычнай апазыцыяй".

Дысанансам сярод агульных прамоваў гучаў толькі выступ намесьніка старшыні КХП БНФ Міколы Анцыповіча, які заклікаў дэлегатаў памяняць некаторыя падыходы і наладжваць супрацоўніцтва зь іншымі апазыцыйнымі сіламі. Гаворыць Мікола Анцыповіч:

(Анцыповіч: ) "Я меў на ўвазе пэрспэктыву больш шчыльнага такога супрацоўніцтва, з пазыцыі нашых праграмных патрабаваньняў. Ня здраджваючы ім, праводзіць агульнабеларускую справу. З усімі палітычнымі беларускімі сіламі, якія грунтуюцца на пазыцыі беларускай незалежнасьці й ратаваньня нашай Бацькаўшчыны".

Дэлегаты абралі на новы тэрмін Зянона Пазьняка на старшыню партыі. Ягонымі намесьнікамі будуць Юрась Беленькі, Сяргей Папкоў і Ўладзімер Старчанка. Зьезд таксама прыняў некалькі ўхвалаў і рэзалюцыяў у абарону незалежнасьці Беларусі, за выратаваньне Курапатаў, а таксама супраць легітымізацыі беларускіх уладаў на міжнароднай арэне, ды супраць выбараў у "саюзны парлямэнт".
XS
SM
MD
LG