Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КХП БНФ АРГАНІЗУЕ КАМПАНІЮ ЗА ПРАВЯДЗЕНЬНЕ ДАТЭРМІНОВЫХ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Рашэньне дамагацца нечарговых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі было прынятае ўчора 5-м зьездам КХП БНФ на прапанову старшыні Зянона Пазьняка. На сёньняшняй пасьлязьездаўскай прэсавай канфэрэнцыі кіраўнікі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ больш падрабязна патлумачылі, якім чынам яны будуць дамагацца выкананьня гэтай задачы. Гаворыць першы намесьнік КХП БНФ Юрась Беленькі:

(Беленькі: ) "Мы павінны дамагацца правядзеньня сапраўды свабодных, дэмакратычных выбараў прэзыдэнта Беларусі пад міжнародным пратэктаратам.

Гэта значыць, мы выступілі з ініцыятывай гуртаваньня ўсіх тых людзей, грамадзкіх арганізацыяў, палітычных партыяў на грунце адстойваньня асноўных беларускіх каштоўнасьцяў. І нашая задача ў міжнародным пляне даказаць міжнароднай супольнасьці, што беларусы ніколі не пагадзяцца з акупацыяй, інкарпарацыяй Беларусі ў склад Расейскай імпэрыі".

Кіраўнікі КХП БНФ лічаць, што найбольш складана будзе давесьці ідэю датэрміновых выбараў прэзыдэнта пад міжнародным пратэктаратам да палітыкаў эўрапейскіх краінаў і найперш Нямеччыны. Лягчэй за ўсё, на думку актывістаў КХП БНФ — да палітычных колаў Злучаных Штатаў Амэрыкі, прадстаўнікі якіх заўсёды пасьлядоўна выступалі ў абарону незалежнасьці Беларусі.

Унутры Беларусі партыя зьбіраецца арганізаваць шырокую агітацыйную кампанію ў справе правядзеньня датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле намесьніка старшыні КХП БНФ Сяргея Папкова, партыя ня будзе ствараць штучных кааліцыяў з тымі палітычнымі сіламі, якія супрацоўнічалі з кіраўніком менскай групы АБСЭ Гансам-Георгам Вікам. Гэты палітык, на думку паплечнікаў Зянона Пазьняка, праводзіў антыбеларускую палітыку.

Сябры КХП БНФ будуць супрацьстаяць любым спробам уладаў правядзеньня выбараў у г.зв. саюзны парлямэнт. А вось адносна свайго ўдзелу ці няўдзелу ў мясцовых выбарах партыя вызначыцца пазьней, калі гэтыя выбары будуць абвешчаныя.

Адным з галоўных прыярытэтаў дзейнасьці КХП БНФ ёсьць абарона й мэмарыялізацыя Курапатаў. Зьезд нават стварыў у гэтай справе адмысловую соймавую камісію. Гаворыць намесьнік старшыні партыі Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) "Мы будзем ставіць крыжы й абараняць гэтае месца. І як толькі зьменіцца ўлада, дарога будзе пракладзеная па-за Курапатамі. Ня можа па сьвятым месцы езьдзіць аўтатранспарт, а гэта для Беларусі сьвятое месца".

У справе стварэньня ў Курапатах народнага мэмарыялу КХП БНФ будзе супрацоўнічаць з маладымі валанцёрамі, і людзьмі, якія рэальна бароняць урочышча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG