Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАГА КІНО АЗМРОЧАНЫ СКАНДАЛАМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Упершыню для "Беларусьфільма" ў пракат можа выйсьці стужка без прозьвішча рэжысэра ў тытрах. Гэта адбудзецца, калі мастацкая рада кінастудыі прыме фільм "Госьці" ў вэрсіі, зь якой ня можа пагадзіцца рэжысэр фільму Руслан Зголіч.

Мы ўжо паведамлялі, што зь "Беларусьфільму" былі скрадзеныя сем з васьмі частак ужо зьнятай Зголічам карціны "Госьці", а рэжысэра абвінавацілі ў выкраданьні й затрымалі. Праз колькі дзён Зголіча вызвалілі, але абвінавачаньне зь яго не зьнялі. Больш таго, цяпер на яго заведзеная яшчэ адна крымінальная справа за хуліганства. А вакол стужкі працягваюць адбывацца розныя падзеі, але толькі ня тое, чаго чакаў рэжысэр ад сьледчых.

(Зголіч: ) "Пошукі зьніклых стужак ніякія не вядуцца, мне здаецца. Нават мяне, падазраванага, не выклікаюць на допыты, ні пра што не пытаюць, нічога ім не патрэбна. Сёмая частка карціны, якую я браў, каб рабіць рэкляму і якую ў мяне сьледчы знайшоў і забраў, аддазеная на кінастудыю, хаця павінна быць у сьледчага, і я яго аб гэтым прасіў. Я ня ведаю, што зь ёй зробяць. Цяпер карціну перамантажавалі апэратар і рэдактар".

Паводле рэжысэра, цягам мінулых выходных з рабочага матэрыялу быў змантажаваны новы фільм "Госьці", і нават пачалося яго агучваньне. Такім чынам, хутка фільм будзе прадстаўлены мастацкай радзе кінастудыі, але Зголіч пратэстуе супраць гэтага і заяўляе, што ў такім выпадку будзе зь "Беларусьфільмам" судзіцца.

(Зголіч: ) "Я абавязкова заяўлю, што здымаю свае імя з тытраў карціны як рэжысэра-пастаноўшчыка, а пасьля гэтага буду змагацца за свае аўтарскія правы ва ўсіх магчымых судах".

Гісторыя кінематографу, у тым ліку беларускага, знае шмат прыкладаў канфліктаў паміж рэжысэрамі й іхнымі працадаўцамі. Раней такія канфлікты вырашаліся заменай аднаго рэжысэра другім і пераздымкай альбо даздымкай фільма.

Аднак цяпер гэты варыянт немагчымы, сьцьвярджаюць адмыслоўцы. Па-першае, на пераробку фільма няма грошай; па-другое, з больш чым 40 беларускіх рэжысэраў не знайшлося ніводнага, хто б пагадзіўся паставіць сваё прозьвішча ў тытрах фільма, зьнятага Русланам Зголічам.

Намесьнік дырэктара "Беларусьфільма" Ўладзімер Шышкін заявіў Радыё Свабода, што нават калі Зголіч здыме сваё прозьвішча з тытраў фільма, стужка "Госьці" выйдзе ў пракат. "Паводле пляну мы павінны здаць фільм у бягучым годзе і зробім гэта, хай сабе і без рэжысэра Зголіча", — сказаў Ўладзімер Шышкін.
XS
SM
MD
LG