Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭАКЦЫЯ БЕЛАРУСКІХ ПРАФСАЮЗАЎ НА ЗАБАРОНУ ПЕРАЛІЧАЦЬ ПРАФСАЮЗНЫЯ СКЛАДКІ


Міхал Стэльмак, Менск

Гаворыць старшыня рэспубліканскага камітэту настаўніцкага прафсаюзу Тамара Чобатава:

(Чобатава: ) "Усе абураныя, мы лічым гэта супрацьпраўным актам. У пятніцу мы правялі пленум, дзе адбылася вельмі сур'ёзная размова наконт сацыяльна-прававой абароны работнікаў адукацыі. Прафсаюзы людзям вельмі патрэбныя. Пазбавіўшыся прафсаюзаў, яны губляюць усялякую падтрымку. Сёлета сябры нашага прафсаюзу ўжо пісалі заявы , каб іх складкі пералічваліся безнаяўным чынам. Мы будзем адстойваць гэтую сыстэму, і падставай для нас ёсьць заявы сяброў прафсаюзу".

А вось якое меркаваньне на гэты конт выказаў нашаму радыё старшыня галіновага прафсаюзу авіяработнікаў Яўген Бурак:

(Бурак: ) "Трэба глядзець усё заканадаўства, трэба паглядзець, як гэта стасуецца з нашым тарыфным і генэральным пагадненьнямі. Апроч таго, ёсьць жа яшчэ законы аб прадпрыемствах. Аб прафсаюзах: тут трэба добра "пакеміць", а потом ужо прымаць нейкія рашэньні. Таму што гэта было заяўлена, як кажуць, "прастранна", гэта было ў пятніцу, я сам чуў".

(Карэспандэнт: ) "Як адрэагавалі прафсаюзныя суполкі, якія ўваходзяць у ваш прафсаюз?"

(Бурак: ) "З насьцярогай, безумоўна. Гэта рэакцыя першапачатковая, а як далей будзе, цяжка сказаць. Будзем чытаць дакумэнт. Я толькі адно хочу сказаць — ніякай панікі, нельга панікаваць", — лічыць Яўген Бурак.

Абмяркоўвалася сёньня ўрадавае рашэньне і ў асяродзьдзі прадстаўнікоў дэмакратычных прафсаюзаў. Вось што зазначыў на гэты конт старшыня Менскай рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Мікалай Канах:

(Канах: ) "Людзі мусяць зразумець, што гэта ўдар ня супраць Ганчарыка, а ўдар супраць іх. Таму што асноўная мэта ўладаў — зьліквідаваць прафсаюз, зьліквідаваць асобаў, якія б маглі працоўным растлумачыць і абараніць у выпадку скарачэньняў і прыватызацыі. Прафсаюзным лідэрам варта зараз праводзіць у калектывах растлумачальную працу. Бо калі людзі будуць ведаць пра сапраўдную пагрозу, то яны павінны выказаць свой пратэст любым чынам, напрыклад, шляхам нейкіх акцыяў".

Дарэчы, у афіцыйным парадку урадавая пастанова пра забарону цэнтралізаванага пералічэньня прафсаюзных складак да прафсаюзаў пакуль што не дайшла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG