Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЯЖА ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ — ПРАБЛЕМА ДЛЯ ЎКРАІНЫ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня ў Чарнігаве пачалося паседжаньне міжурадавае беларуска-ўкраінскае камісіі ў пытаньнях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Падчас свайго першага ў якасьці прэм'ера замежнага візыту ў Кіеў Генадзь Навіцкі заявіў, што на чарнігаўскім паседжаньні будзе абмеркаванае пытаньне пра ўкраінскую запазычанасьць Беларусі.

Яшчэ ў траўні 1998 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пакуль Украіна ня выплаціць Беларусі даўгі на суму больш як 200 мільёнаў даляраў, датуль двухбаковая дамова пра дзяржаўную мяжу ратыфікаваная Менскам ня будзе. Афіцыйны Кіеў дзяржаўным доўгам гэтую суму не прызнае, кажучы, што гэта ёсьць запазычанасьцю асобных украінскіх прадпрыемстваў, якая стварылася ў пачатку 1990-х.

Але ж спадар Лукашэнка вось ужо некалькі гадоў не накіроўвае на ратыфікацыю ў "палату прадстаўнікоў" дамову пра дзяржаўную мяжу, і для Ўкраіны з усіх яе суседзяў засталася праблема зь мяжой толькі зь Беларусьсю.

Прэсавы сакратар украінскага прэм'ер-міністра Сяргей Нагаранскі, якога я папрасіў пракамэнтаваць сытуацыю з даўгамі й беларускай мяжой, сёньня сказаў:

(Нагаранскі: ) "Гэта вельмі цяжкае пытаньне, якое закраналася й падчас візыту тут у Кіеве, і калі сустракаліся ў Маскве яшчэ з тым прэм'ер-міністрам, які быў раней, да Навіцкага. Паколькі гэты вузел шматгадовы, цяжка будзе яго зараз разьвязаць у часе адной сустрэчы. То бок пра гэта будзе размова, але ж што да канкрэтных рашэньняў — зараз наўрад ці можна сказаць, што будуць нейкія рашэньні. Калі б гэта вырашылася канчаткова — гэта было б цудоўна, перадсьвяточны падарунак".

А незалежны кіеўскі палітоляг Валадымыр Палохала прагназуе такі вынік заўтрашніх перамоваў у Чарнігаве.

(Палохала: ) "Я ня думаю, што заўтрашняя сустрэча гэтую праблему разьвяжа. Хутчэй, будзе пэўны зандаж намераў і пэўнае ўдакладненьне пазыцыяў украінскага й беларускага боку, паколькі ёсьць сёньня цьвёрдая пазыцыя прэзыдэнта Беларусі ў пытаньні даўгоў і мяжы. Наколькі гэтая пазыцыя ў прававым сэнсе, у кантэксьце стасункаў дзьвюх краін ёсьць прадуктыўнаю й цывілізаванаю — гэта іншая рэч".

Валадымыр Палохала, шэф-рэдактар украінскага навуковага часопісу "Політична думка", бачыць у беларуска-ўкраінскай спрэчцы й расейскі чыньнік.

(Палохала: ) "Расейскі бок аб'ектыўна мае быць зацікаўлены — з улікам уласных інтарэсаў — у тым, каб былі пэўныя супярэчнасьці паміж Украінай і Беларусьсю, каб зьдзейсьніўся пэўны ціск на прэзыдэнта Ўкраіны, на афіцыйны Кіеў з боку прэзыдэнта Лукашэнкі, які эканамічна больш залежны сёньня ад Расеі, чым Украіна.

І тут ёсьць пэўная роля — мне здаецца, лятэнтная, прыхаваная роля Расеі. Гэта мая гіпотэза. Я думаю, што Расея магла бы ўзяць удзел у цывілізаваным вырашэньні гэтай праблемы паміж Украінай і Беларусьсю, але яна або ўхіляецца ад гэтага, або наадварот намагаецца стымуляваць гэтыя супярэчнасьці".

Зрэшты, спадар Палохала бачыць яшчэ адну прычыну ўпартасьці Аляксандра Лукашэнкі:

(Палохала: ) "Беларусь — надзвычайна залежная ад Расеі дзяржава. Яму трэба дэманстраваць сваю самадастатнасць, самастойнасьць і пэўную сваю ролю на постсавецкай прасторы, на якую ён прэтэндаваў вельмі актыўна яшчэ некалькі гадоў таму. Сёньня Пуцін перахапіў гэтую ініцыятыву й па сутнасьці не пакідае для прэзыдэнта Беларусі мажлівасьці сьцьверджаньня сваёй ролі на постсавецкай прасторы".
XS
SM
MD
LG