Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫЯ НЯМЕЦКІЯ КНІГІ ПРЫСЬВЕЧАНЫЯ БЕЛАРУСІ


Алена Панкратава, Менск

Адна з кнігаў, выдадзеная ў Eigenverlag у Дрэздэне, мае напалову беларускі — напалову нямецкі назву "Nastupnaja stanzija-Stationen weissrussischen Begegnungen". Нямецкія словы на тытульнай старонцы перакладаюцца так: "Станцыі беларускіх сустрэчаў". Аўтарка кнігі — пісьменьніца і журналістка Хайке Забэль. У кароткім інтэрвію Свабодзе яна сказала:

(Забэль: ) "Канечне, пра Беларусь і беларусаў можна пісаць па-рознаму. Напрыклад, жывучы ва ўтульным гатэлі Менскага адукацыйнага цэнтру — ІВВ, дзе ўсё па-нямецку, нават размова парт'е на рэцэпцыі. Некаторыя мае калегі пішуць свае нататкі пра Беларусь у такіх камфортных умовах.

Можна, наадварот, паспрабаваць пажыць так, як жыве большасьць беларусаў. Зьняць кватэру дзе-небудзь у блёчным мікрараёне ў Малінаўцы, штодня хадзіць самому ў крамы, езьдзіць у грамадзкім транспарце. Я абрала менавіта такі шлях для знаёмства зь Менскам, Беларусьсю. Адсюль і назва кнігі: "Наступная станцыя". Так гавораць у менскім мэтро".

Адзін з нарысаў кнігі Хайкі Забэль якраз прысьвечаны станцыі "Нямізе" і той трагедыі, якая здарылася з маладымі беларусамі некалькі гадоў таму.

Героі іншых нарысаў менчукі — жанчына, якая выхоўвае сямёра сіротаў; лекар, якія працуе ў дзіцячым анкалягічным дыспансэры; мастак; вулічныя гандляры газэтамі, студэнты... І таксама некаторыя атрыбуты гарадзкога жыцьця, безь якіх аўтарка ня можа сабе ўявіць сучаснага Менску — тэлефоны-аўтаматы, аўтобусы, ліфты ў пад'ездах...

Погляд на беларускую рэчаіснасьць тыпова нямецкі, але так і павінна быць. У нашай размове Хайке Забэль паведаміла таксама, што гэта ўжо яе другая кніга пра Беларусь. Яна таксама папрасіла перадаць менчукам сваё галоўнае ўражаньне-камплімэнт:

(Забэль: ) "Нідзе ў сьвеце няма іншай сталіцы, як Менск, дзе людзі так добра не размаўлялі б па-нямецку".

Хольгер Кнаўф, аўтар наступнай кнігі, якая выйшла ў Білефэльдзе, у выдавецтве "Peter Rump", перакананы, што, падарожнічаючы ў Беларусь, варта ведаць беларускую мову. Ягоны нямецка-беларускі размоўнік выдадзены, як кажуць, паводле шматлікіх просьбаў прадстаўнікоў гуманітарных чарнобыльскіх ініцыятываў Нямеччыны — тых, хто часта падарожнічае ў Беларусь.

Хольгер Кнаўф лічыць, што немцы павінны забыцца пра свае комплексы, якія традыцыйна паўстаюць перад імі пры вывучэньні беларускай мовы, а менавіта: "Я ніколі не авалодаю гэтаю мовай, таму што ня ведаю расейскай і ня маю ніякага ўяўленьня пра кірыліцу".

У размоўніку прапануюцца гэтак званыя моўныя цаглінкі, з дапамогай якіх ствараецца першааснова для вывучэньня замежнай мовы — моўны шкілет. Кароткія выразы, якія выкарыстоўваюцца ў штодзённым жыцьці перакладаюцца ня толькі сэнсава — ідыёматычна, але й даслоўна.

Падобная мэтодыка плюс кароткая граматыка, лічаць фахоўцы, дазваляе дастаткова хутка пазнаёміцца з асновамі беларускай мовы і атрымаць базысныя веды. Вельмі важны момант: разам з размоўнікам выдавецтва прапануе аўдыёкасэты "Гавару па-беларуску".

А цяпер каротка яшчэ пра дзьве кнігі. "Крык жураўля альбо магіла ў Беларусі" — яна выйшла ў мюнхенскім выдавецтве "Literarion", і кніга "Паўсталыя з попелу: гісторыя Пётра Рувінавіча Рабцэвіча зь Пінску", якая зьявілася ў выдавецтве "Ditrich-Verlag". Абедзьве кнігі праілюстраваныя фотаматэрыяламі. Паводле аўтараў Брыгіты Ромп, Гайнца Фідлера, а таксама Вэрнэра Мюлера, выданьні чарговы раз нагадваюць немцам пра ня самыя прыемныя для іх старонкі найноўшай гісторыі.

Брыгіта Ромп, адна з аўтарак "Крыку жураўля", піша, што адмыслова паехала ў Беларусь, каб знайсьці магілу свайго дзядзькі. У часе Другой сусьветнай ён ваяваў на ўсходнім фронце і загінуў на поўдні Беларусі. Брыгіта Ромп прыводзіць у кнізе шмат дыялёгаў зь беларусамі, якія, паводле яе, маглі стаць ахвярамі яе родзіча альбо ягоных сяброў, суайчыньнікаў.

Аўтарка зьдзіўленая, што беларусы, зь якімі яна размаўляла, не рэгістравалі ўсіх пагромаў нямецкіх камандас ні дакумэнтальна, ні ў памяці, яны не захавалі нянавісьці да немцаў і лічаць, што ўсе парэшткі трэба па-хрысьціянску перазахаваць.

Кніжка "Паўсталыя з попелу" прысьвечаная тым нямногім габрэям, хто застаўся жывы пасьля Пінскага гета. Аўтар Вэрнэр Мюлер, спасылаючыся на размовы з былымі вязьнямі, піша пра тое, як дапамагала пінскім габрэям іхная вера, як за некалькі дзён да сваёй сьмерці яны адзначалі свае рэлігійныя сьвяты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG