Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* РЫМ. Італія плянуе стварыць на руінах антычных помнікаў у Рыме адмысловы музэй, дзе з дапамогай спэцыяльных эфэктаў будуць адноўленыя мастацкія багацьці краіны. Высокатэхналягічныя мадэлі археалягічных і мастацкіх помнікаў спраектуе майстар спэцэфэктаў, стваральнік галівудзкіх Іншаплянэтніка і Кінг-Конга Карла Рамбальды. У музэі наведнікі ня толькі агледзяць мадэлі руінаў Пампэяў і Калізэю, але й даведаюца, як выглядала штодзённае жыцьцё гораду часоў Імпэрыі, а таксама пабачаць баі глядыятараў.

* СТАКГОЛЬМ. 83-гадовы швэдзкі рэжысэр Інгмар Бэргман у інтэрвію агенцтву Ройтэрз сваімі ўлюбёнымі кінарэжысэрамі назваў Фэдэрыка Фэліні, Акіру Курасаву, Андрэя Таркоўскага і Мікелянджэла Антаніёні. Бэргман, які жыве ў самотнай сядзібе на швэдзкім востраве Фарэ, працягвае працу ў Каралеўскім Драматычным Тэатры ў Стакгольме, дзе ён рыхтуе да пастаноўкі перакладзеную ім п’есу «Прывіды» нарвэскага драматурга Ібсэна. Апрача гэтага Бэргман рыхтуе радыёп’есу паводле твораў Стрындбэрга, а ў наступным годзе плянуе зьняць тэлефільм.

* МІЛЯН. Славуты гішпанскі тэнар Плясыда Дамінга, выступаючы ў мінулы аўторак на сцэне «Ля Скалы», у другім акце «Атэла» замаўчаў і быў вымушаны пакінуць сцэну. Дырыгент Рыкарда Муці выбег за сьпеваком, але крыху пазьней запэўніў, што Дамінга працягне выступ. Лекар сьпевака паведаміў, што ў Плясыда Дамінга падчас спэктаклю нечакана ўпаў ціск. Праз дваццаць хвілін ён вярнуўся, і спэктакль працягваўся далей. Публіка стоячы ўшанавала сьпевака авацыямі.

* АМСТЭРДАМ. Ананімны партрэт чалавека ў чырвоным бэрэце — карціна, якая некалькі дзесяцігодзьдзяў праляжала ў музэйных запасьніках — быў прызнаны экспэртамі аўтэнтычным творам Вінсэнта Ван Гога. Паводле спэцыялістаў з амстэрдамскага Музэю Ван Гога, на партрэце намаляваны за працай у майстэрні сябар Ван Гога — мастак Поль Гаген. Экспэртыза была праведзеная супольна зь Інстытутам Выяўленчых мастацтваў у Чыкага падчас чыкагскай выставы Ван Гога. Карціна была напісаная ў 1888 годзе, калі абодва мастакі жылі ў Арлі на Поўдні Францыі.

* ЛЁНДАН. У дакумэнтальным фільме, які будзе паказаны ў брытанскай тэлевізіі перад Новым Годам падаецца вэрсія гібелі Глена Мілера амэрыканскага кампазытара і кіраўніка аркестра. 15 сьнежня 1944 году ён вылецеў на невялікім самалёце з базы на поўдні Брытаніі ў Парыж, дзе меўся выступіць перад амэрыканскімі вайскоўцамі, і зьнік пры загадкавых абставінах. Аўтары фільму, абапіраючыся на сьведчаньні сучасьнікаў, цьвердзяць, што самалёт Мілера быў выпадкова зьбіты бомбамі, якія брытанскія самалёты скідалі ў мора пасьля няўдалага налёту на Нямеччыну.

* ПІЗА (ІТАЛІЯ). Славутая Пахіленая Вежа ў Пізе адчынілася для наведваньняў пасьля амаль 12 гадоў рэстаўрацыйных працаў. У выніку намаганьняў навукоўцаў і інжынэраў нахіл вежы ўдалося зьменшыць амаль на 50 сантымэтраў. Для гэтага быў падкапаны грунт з адваротнага ад нахілу боку, а сьцены вежы былі ўмацаваныя адмысловымі бэтоннымі «ін’екцыямі». Цяпер нахіл 14-тоннай вежы, збудаванай у 1173 годзе, складае каля 4 мэтраў, і, паводле інжынэраў, ня зьменіцца на працягу бліжэйшых 400 гадоў.

* БЭРЛІН. Амэрыканскі рэжысэр Стэнлі Кубрык у 1967 годзе меў намер экранізаваць раман Джона Толкіна «Валадар пярсьцёнкаў», прычым галоўныя ролі ў фільме мелі выконваць удзельнікі гурту Beatles. Пра гэта паведаміў у інтэрвію нямецкаму тыднёвіку Focus навазэляндзкі рэжысэр Пітэр Джэксан, чый фільм паводле раману Толкіна гэтымі днямі выходзіць на экраны сьвету. Паводле Кубрыкавай ідэі, Джордж Гарысан меўся выконваць ролю чараўніка Гэндалфа, Пол Макартні і Рынга Стар — хобітаў Фрода і Сэма, а Джон Ленан — пачвары Голума. Кубрыкаў праект праваліўся на этапе напісаньня сцэнару.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG