Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПЫНІЛІ ВЫПУСК ДЗІЦЯЧЫХ ВІДЭА- Й АЎДЫЁКАСЭТАЎ ПА-БЕЛАРУСКУ


Надзея Маеўская, Менск

Ідэю выпуску беларускамоўных аўдыё- й відэакастужак для дзяцей два гады таму прапанавала журналістка Валянціна Лецка. І адзіным, хто падтрымаў праект фінансава, а таксама стаў ягоным сталым фундатарам, быў дырэктар беларускай камэрцыйнай фірмы "Сотвар" Алесь Гуркоў.

Вынікам гэтай супольнай працы сталі 16 дзіцячых аўдыёкасэтаў зь песьнямі й калыханкамі, а таксама 14 відэакастужак з мультфільмамі й казкамі.

"Прыгажуня ў сонным лесе", "Жыцьцё жукоў", "Аліса ў краіне цудаў" — гэтыя ды многія іншыя мультфільмы, дубляваныя прафэсійнымі акторамі па-беларуску, цяпер ведаюць і любяць дзеці ў многіх сем'ях. Апошняя работа з гэтай сэрыі, "Ледзі й валацуга", была завершаная сёлета ў траўні, пасьля чаго выдаўцы былі вымушаныя спыніць праект.

Гаворыць Валянціна Лецка:

(Лецка: ) "На жаль, цяпер у Беларусі ня самыя спрыяльныя ўмовы для прыватнага бізнэсу. І Алесь Гуркоў палічыў, што ён ня можа больш укладваць грошы ў гэты праект. Паколькі не ўдалося знайсьці новых зацікаўленых асобаў тут у Беларусі, а таксама замежных фундатараў, то вырашана спыніць праект".

Беларускамоўнай прадукцыі фірмы "Сотвар" відавочна бракавала рэклямы: дабрачынную дапамогу ў гэтай справе пагадзіліся прапанаваць толькі некаторыя незалежныя газэты. Вынікам стаўся слабы распродаж касэтаў і стратнасьць усяго праекту.

Але два гады працы навучылі многаму, у тым ліку рэклямаваць, зьніжаць сабекошт й распаўсюджваць прадукцыю — сьцьвярджае спадарыня Лецка. Зьявілася таксама ідэя перакладаць на беларускую мову папулярныя кінастужкі для дарослых, тым больш, што вялікі посьпех меў пілётны праект — фільм "Глядыятар". Ёсьць нават прыватныя прадпрымальнікі, згодныя стаць фундатарамі абноўленых напрацовак.

Але сёньняшняе стаўленьне ўладаў да ўсяго беларускага, у тым ліку й айчыннага бізнэсу, вымушае прадпрымальнікаў асьцерагацца быць заўважанымі.

(Лецка: ) "Тыя людзі, да якіх я зьвярталася, вельмі прыязна ставяцца да праекту, але ўкладваць грошы асьцерагаюцца. Ці то яны напалоханыя становішчам у Беларусі, ці то баяцца страціць бізнэс, ўкладваючы грошы ў беларускамоўны праект — ня ведаю. Але на мае прапановы пакуль ніхто не адгукнуўся. Спадзяюся прадаць зробленыя касэты й на атрыманыя грошы зрабіць нешта новае. Але ўпэўненасьці, што гэта ўдасца зрабіць, у мяне няма".

Цяпер Валянціна Лецка ладзіць прэзэнтацыі беларускамоўных відэа- і аўдыёкасэтаў у розных гарадах Беларусі. Мэта — рэклямаваньне й распаўсюд прадукцыі, а таксама пошук айчынных бізнэсоўцаў, хто не пабаіцца ўладаў і не пашкадуе грошай на беларускае.
XS
SM
MD
LG