Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДОМ НА ЛОДАЧНАЙ: СЫМБАЛЬ БЕЗАБАРОННАСЬЦІ ЧАЛАВЕКА ПЕРАД УЛАДАЙ


Ігар Карней, Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Карней: ) "Гэты дом кідаецца ў вочы абавязкова: ці едзеш па Першамайскай, ці зварочваеш на Чырвонаармейскую, ці пазіраеш з вокнаў папулярнага піўнога рэстарану "Старое русло" або зь пляцоўкі ля канцэртнай залі "Менск".

Тых жа, хто ведае лёс чалавека, які ўзводзіў гэтае ня вельмі характэрнае на фоне менскіх хрушчовак ды панэльных скрынак збудаваньне, не пакідае навязьлівы міраж яшчэ аднаго дому з савецкай гісторыі — маскоўскага дому на Набярэжнай. Само сабой, не літаральныя параўнаньні напрошваюцца — іншы час ды іншая гісторыя.

Але дом на Лодачнай ужо ўвайшоў у найноўшую гісторыю Беларусі як сымбаль безабароннасьці чалавека перад нахабствам улады посткамуністычнай эпохі".

(Ракіцкі: ) "Пачалася гэтая драматычная гісторыя на пачатку 1990-х гадоў. Новая незалежная Беларусь запрашае да сябе дыпляматычныя місіі. Узьнікае патрэба ў камфортным, адпаведным міжнародным стандартам жытле для супрацоўнікаў замежных амбасадаў, гандлёвых прадстаўніцтваў, бізнэсоўцаў, журналістаў.

Шэраг падрадчыкаў, якія атрымалі праектныя замовы на будаўніцтва ад Савету Міністраў, з патрабаваньнямі якасьці й хуткасьці не спраўляліся. Вынік — два гады на месцы будучага дому самотна тырчэў падмурак.

У 1993-м годзе за рэалізацыю нязвыклага для Беларусі праекту ўзяўся малады, але ўжо вядомы менскі бізнэсовец Андрэй Клімаў. У Менску працавала сетка банкаў Клімава, выходзіў аднайменны штотыднёвік, нарэшце, быў абвешчаны адмысловы праект будаўніцтва першага нацыянальнага легкавога аўтамабіля, які Клімаў зьбіраўся інвэставаць".

(Карней: ) "Прадпрыемства Клімава на той час мела добрыя посьпехі ў катэджавым будаўніцтве. Дарэчы, лёс некаторых катэджавых пасёлкаў быў такі самы, як і лёс дому на Лодачнай: комплекс у пасёлку Прымор'е пад Менскам, збудаваны на замову фірмы "Пушэ", адышоў да дзяржавы неўзабаве, калі супраць кіраўніка "Пушэ" Аляксандра Пупейкі была распачатая крымінальная справа.

У адабраныя катэджы запрапанавалі пасяліцца дыпляматам, але тады ніхто на пераезд не згадзіўся, бо дыпляматы не жадалі набыць славу саўдзельнікаў рэпрэсіўных дзеяньняў дзяржавы".

(Ракіцкі: ) "Амбіцыйны малады бізнэсовец ўзяўся за справу напачатку 1994-га году — году абраньня першага прэзыдэнта незалежнай Беларусі. Тацяна Леановіч, жонка Андрэя Клімава, перакананая, што вырашальным годам для лёсу дому, прадпрыемства і асабіста Андрэя Клімава трэба лічыць не 1994-ы год, а 1996-ы год рэфэрэндуму, супраць якога так неабачліва выступіў у парлямэнце дэпутат Клімаў.

Толькі праз тры месяцы Клімавым зоймецца пракуратура. А пакуль што на дом паклала вока ўпраўленьне справамі прэзыдэнта. Прэзыдэнцкі заўгас Іван Ціцянкоў стаў частым госьцем на аб'екце, прыглядаўся, пакуль урэшце на будаўнічай дакумэнтацыі не зьявілася рэзалюцыя: паскорыць будаўніцтва, і да 20 лютага 1997-га году здаць гатовы аб'ект... кіраваньню справамі прэзыдэнта".

(Карней: ) "Плянавалася, што і сам Аляксандар Лукашэнка будзе жыць там — у блёку з 12 пакояў на чацьвертым паверсе. Тым часам, у Лукашэнкі ўзьнікла новае захапленьне — Дразды, і дом на Лодачнай пачалі насяляць чыноўнікі ніжэйшага рангу.

Адным зь першых сюды заехаў паплечнік Лукашэнкі Ўладзімер Канаплёў. Сьледам занялі кватэры яшчэ 16 сем'яў дэпутатаў "нацыянальнага сходу". Пра дамову з прадпрыемствам Клімава ніхто ўжо не ўзгадваў. Гаворыць Тацяна Леановіч:

(Леановіч: ) "Трэці пад'езд павінен быў адысьці да прадпрыемства Клімава, і кватэры мелі прадавацца паводле сабекошту. Гэта было ўмовай дамовы. Дамову падпісваў тагачасны мэр Ярмошын, стаяла ягоная віза. Гэтаксама дамова вызначала кошт аб'екту.

Прадпрыемства ня толькі ня вычарпала акрэсьленую суму, але заашчадзіла шмат сродкаў, якія павінны былі адысьці як прыбытак падрадчыку Клімаву. Але ні гэтых сродкаў, ні кватэраў паводле сабекошту, ні разьлікаў за ліфты мы ня ўбачылі. Замест гэтага ўбачылі турму кіраўнік прадпрыемства Андрэй Клімаў і частка ягоных супрацоўнікаў".

(Ракіцкі: ) "Як і турма, Дом Клімава, так яго цяпер называюць у народзе, такі ж не прыступны для звычайнага менчука. Праўда, агароджа, якая апярэзвае шыкоўную будыніну, захапіўшы дзеля панадворку яшчэ з пару гектараў, не такая высокая і нават дастаткова элегантная. Мы патрапілі за гэную агароджу, напрасіўшыся ў госьці да знаёмага дыплямата з абяцаньнем, што будзем без дыктафону".

(Карней: ) "Прайсьці за агароджу можна толькі праз КПП. Гэты рубеж пераадольваем нечакана лёгка: быў вечар, звонку вокны будкі не сьвяціліся, але толькі націснулі кнопку, як брама, нібыта сама па сабе, расчынілася. Паблукалі сярод мноства пад'ездаў, пакуль патрапілі, як кажуць, у парадны — з прасторным вэстыбюлем, засланым парткамаўскага ўзору чырвонымі дывановымі дарожкамі.

Ліфт — ці не найвялікшае ўражаньне вечару. Зь люстэркам на ўсю сьцяну і з пахам шампуняў. Вытворчасьць Фінляндыі, усясьветна вядомай фірмы "Оціс". Зусім бясшумна расчыняюцца дзьверы, і вось мы ля кватэры нашых знаёмых..."

(Ракіцкі: ) "Нас, якія за сваё жыцьцё ўволю наблукаліся па інтэрнатах, пакуль нарэшце пачулі сябе шчасьлівымі ў стандартных дзьвюхпакаёўках, прастора трохпакаёўкі Клімавага дому прывяла ў замяшальніцтва.

Гасьцявы пакой... Нешта надзвычай вялікае і яшчэ падзеленае шкляной сьценкай-гармонікам. Трохмэтровыя столі, вокны на паўсьцяны, дзьве прыбіральні, памеры кухні такія, што не зразумееш, кухня гэта ці заля... Усё вельмі зручна сплянаванае.

Але гасьцінны гаспадар, які добра ведае гісторыю Андрэя Клімава, хутка гасіць нашыя эмоцыі. Мы ня ў тым блёку, які пасьпеў дабудаваць Андрэй. Гэтая і суседнія кватэры дабудоўваліся ўжо пасьля арышту бізнэсоўца".

(Карней: ) "Са зьнешне шыкоўных вокнаў-шклопакетаў, мякка кажучы, сіфоніць. Дзіркі гаспадары перад самым нашым візытам старанна залеплівалі плястырам. Але, здаецца, спазьніліся: усе ў хаце ўжо кашляюць. Замест падваконьніка — сталешніца ад самай таннай польскай кухоннай мэблі.

Дубовы паркет, напэўна, клалі п'яніцы. Дзіркі паміж дашчэчкамі па сантымэтру. Самі ж гаспадары й цыклявалі яго. Плінтусы з адкідаў, натуральна, добрыя скралі. На завяршэньне экскурсіі гаспадыня дэманструе перакошаныя дзьверы ўбудаваных шафаў".

(Ракіцкі: ) "А каб нам увогуле стала добра, перад тым, як сесьці за стол, гаспадары паведамляюць, колькі ж каштуе амбасадзе гэтае задавальненьне ў адным з найлепшых менскіх дамоў.

За адзін квадратовы мэтар бяз мэблі, тэлефону, камунальных паслугаў трэба заплаціць 10 даляраў ЗША. Кватэра мае плошчу 102 мэтры. Разам — больш за адну тысячу даляраў.

Каму плаціцца гэтая шалёная для Менску квартплата? Натуральна, адміністрацыі Лукашэнкі празь ягонае структурнае падразьдзяленьне — службу "Дыпсэрвіс". Гэта кватэра сярэдняга памеру: ёсьць большыя, ёсьць крыху меншыя. Усяго іх 103. Нескладаныя разьлікі даюць суму каля ста тысяч даляраў на месяц, значна больш за мільён на год".

(Карней: ) "Узрушаныя, выходзім аддыхацца на балькон. Нават зь цемры насоўваецца цень вялізнага, экстравагантнай ахітэктуры, будынку, у якім пакуль што сьвецяцца вокны толькі адной кватэры. Гаспадары тлумачаць, што неўзабаве, яшчэ да навагодніх сьвятаў, у той дом зьедуць жыхары іхнага дому зь ліку палатачнікаў.

На Лодачнай будуць жыць толькі замежнікі: уладам будзе зручней кантраляваць дыпляматаў "оптам", — жартуе гаспадар.

А першым жыхаром новага, і хутчэй за ўсё яшчэ больш шыкоўнага дому, напэўна, ёсьць яшчэ адзін Паша".

(Ракіцкі: ) "Першы Паша жыве на Лодачнай — адзін у вялікай кватэры на першым паверсе. Ён — і дарадца, і дыспэтчар камунальных службаў, добры чалавек, заўсёды прыходзіць на дапамогу жыхарам дому. А кім яшчэ Паша тут працуе — дыпляматы ўжо дадумваюць згодна са сваёй фантазіяй і сучаснай беларускай рэчаіснасьцю. Але да Пашы яны ставяцца з гумарам і па-філязофску".

(Карней: ) "Самому Андрэю Клімаву і ягонай сям'і месца ў збудаваным ім доме не знайшлося. Між іншым, свой пераезд у дом на Лодачнай сям'я плянавала. Распавядае нам жонка Андрэя Клімава Тацяна Леановіч".

(Леановіч: ) "Зараз мы ня маем патрэбы ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў. Але, натуральна, можна было сваю цяперашнюю кватэру аддаць прадпрыемству і атрымаць новую ў гэтым доме. Разумееце, тут вельмі добрая інфраструктура: кансьержы, сыстэма назіраньня, паркінг, спадарожнікавыя антэны. Зараз большасьць з гэтага ўжо шараговая зьява для багатых людзей. Але 10 гадоў таму ў побыце ўсё падобнае было абсалютнай навіной".

(Ракіцкі: ) "Калі мы вярталіся з гасьцей, нас не пакідала адно пытаньне: ці сапраўды Андрэй Клімаў атрымаў 6 гадоў турмы паводле справядлівасьці закону? Дыпляматы, зь якімі мы размаўлялі, у гэта ня вераць. На жаль, мы не змаглі задаць гэтае пытаньне беларусам — гэтак званым палатачнікам, якія там жывуць. А вось тлумачэньне жонкі, Тацяны Леановіч:

(Леановіч: ) "У 1994-м гэты дом яшчэ ніяк не трапляў у сфэру інтарэсаў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Мы будавалі паводле графіку, Менгарвыканкам па-ранейшаму заставаўся заказчыкам. У 1995-м здалі першую сэкцыю, куды засяліліся супрацоўнікі некаторых дыпляматычныях місій, а таксама прадстаўніцтва швайцарскага Чырвонага Крыжа, расейскага тэлеканала ОРТ. Астатнія дзьве сэкцыі павінны былі здаць 20 лютага 1998 году".

(Карней: ) "Мы запыталіся ў спадарыні Леановіч — ці быў гэта перасьлед эканамічны, а мо палітычны? За кінутае ў парлямэнце слова "фашызм"?"

(Леановіч: ) "Гэта толькі палітычны матыў. І гэта бачу ня толькі я, але й сьледчыя. Адзін зь іх зараз востра адчувае сваю віну. Як бачыць мяне, заўсёды перапрашаецца і просіць, каб я абавязкова перадала ягоныя словы Андрэю. Гэта сьледчы, які быў мозгам працэсу іншымі словамі, усё фабрыкаваў".

(Ракіцкі: ) "Разьлікі сьведчаць: кошт дому на Лодачнай склаў тры мільёны даляраў. Тацяна Леановіч на сустрэчу з намі прыйшла зь вялікай тэчкай дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць ня тое, што звышвыдаткі, а істотную для дзяржавы эканомію. Толькі вось дзяржава разьлічылася з Андрэем Клімавым не грашыма, а турмой".

(Карней: ) "Мы гаварылі пра дом на Лодачнай. Сапраўдны адрас яго — Менск, вуліца Чырвонаармейская, 22а. Дом нядаўна замацавалі за іншым ЖЭСам. Напэўна, каб не было залішніх паралеляў..."

(Ракіцкі: ) "Зачыніўшы за сабою браму, мы яшчэ раз кінулі позірк на гэты дом. За кожным зь ярка асьветленых вокнаў жывуць сем'і сваімі звычайнымі радасьцямі, праблемамі. Сям'я таго, хто будаваў гэты дом, жыве ў іншым доме. І ўжо амаль чатыры гады чакае зь няволі сына, мужа, бацьку — Андрэя Клімава".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG