Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШАСЬЦЬ ДЭЛЕГАТАЎ ЗЬЕЗДУ БНФ ПАДТРЫМЛІВАЕ ВЯЧОРКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

На абмеркаваньне дэлегатаў зьезду вынясеныя два варыянты канцэпцыяў стратэгіі й тактыкі БНФ на будучыню. Цяперашні лідэр БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што Фронт мусіць удзельнічаць у выбарчых ды іншых палітычных кампаніях, а таксама працягваць шчыльнае супрацоўніцтва зь іншымі партыямі й арганізацыямі ў рамках грамадзянскай кааліцыі.

Спадар Вячорка лічыць, што БНФ мусіць быць дэмакратычнай арганізацыяй, сябры якой маюць розныя прыхільнасьці — ад лібэральных да хрысьціянскіх.

Вось меркаваньне старшыні Берасьцейскай абласной арганізацыі БНФ Рыгора Бакіевіча:

(Бакіевіч: ) "Я чакаю ад гэтага зьезду, што ён нарэшце вызначыць галоўнае — партыя зьяўляецца асновай той працы, якая чакае нас усіх, каб Беларусь засталася сувэрэннай і незалежнай. У выніку мы павінны сьцьвердзіць, што ў нас ёсьць арганізаваная сіла, якая мае сваю праграму, якая грунтуецца на рэаліях. Тое, што прапануе спадар Вячорка, найбольш адпавядае ідэі, што закладзеная ў дзейнасьці нашай партыі".

А цяпер меркаваньне Алены Масьлюковай са Сьветлагорску:

(Масьлюкова: ) "Гэты зьезд павінен быць больш прынцыповым. Ня толькі зьмена кіраўніцтва, але я думаю, што мы павінны распрацаваць новыя канцэпцыі работы Фронту. Нягледзячы на тое, што гэта адна з самых моцных арганізацыяў палітычных і грамадзкіх, мы ўсё ж такі больш дакладна мусім зразумець, што мы павінны ў Беларусі зрабіць. Я адназначна за Вячорку".

(Карэспандэнт: ) "Чаму?"

(Масьлюкова: ) "Таму што гэты чалавек мне падабаецца асабіста. Высокаадукаваны чалавек, інтэлектуал".

Цяперашняе кіраўніцтва БНФ падтрымліваюць і дэлегаты-прыхільнікі праграмы, падрыхтаванай Маладым Фронтам. Гаворыць Аляксандар Кудрук з Баранавіцкага раёну:

(Кудрук: ) "Мне бліжэйшая канцэпцыя Вячоркі. Але таксама падабаецца й пазыцыя Маладога Фронту — што павінна быць нашая арганізацыя больш баявітай".

Адзін зь лідэраў Маладога Фронту Аляксей Чарняеў не зусім задаволены дзейнасьцю цяперашняга кіраўніцтва, але будзе галасаваць за спадара Вячорку:

(Чарняеў: ) "Перадусім я чакаю, што зьезд увядзе новыя маладыя кадры ў кіруючыя органы. Гэта дапаможа прыцягнуць новых маладых людзей да працы ў нашай арганізацыі і падыме працаздольнасьць новых кіруючых органаў. Думаю, што асабіста я буду галасаваць за сп. Вячорку, хаця й не магу сказаць, што я цалкам задаволены ўсёй той дзейнасьцю, якая адбывалася цягам ягонай кадэнцыі. Проста мне здаецца, што сп. Вячорка больш адпавядае эўрапейскаму іміджу, які неабходны нашай арганізацыі".

Але на зьезьдзе ёсьць нямала маладых дэлегатаў, якія будуць галасаваць супраць цяперашняга кіраўніцтва. Адна зь іх — Вера Шадрова з Горадні:

(Шадрова: ) "Новая праграма і сапраўднае супрацоўніцтва з усімі рухамі й партыямі дэмакратычнага, нацыянальнага кірунку... Павінен быць новы старшыня, новы лідэр".

Гэтая частка дэлегатаў падзяляе падыход, прапанаваны прэтэндэнтам на пасаду старшыні Вячаславам Сіўчыкам, паводле якой БНФ павінен найперш ствараць кааліцыі з ідэалягічна блізкімі яму арганізацыямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG