Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Адна са сьведкаў у справе Завадзкага сьцьвярджае, што былы прэзыдэнцкі ахоўнік Лявоненка нібыта сачыў за Зьмітром Завадзкім напярэдадні ягонага зьнікненьня ў ліпені мінулага году, і таму можа мець дачыненьне да ягонага зьнікненьня.

Гэтая сьведка пазнала Лявоненку ў часе папярэдняга расьсьледаваньня, аднак дагэтуль не прыйшла на працэс, каб засьведчыць свае паказаньні. Чаму, задаюцца пытаньнем назіральнікі й згадваюць сакрэтныя тамы ў справе Завадзкага, у якіх нібыта і ўтрымліваюцца паказаньні гэтай сьведкі.

Нагадаю, на бягучым тыдні фактычна завершыўся допыт сьведкаў эпізоду зьнікненьня Завадзкага і хутка, сьцьвярджаюць адвакаты пацярпелых, завершацца допыты астатніх сьведкаў гэтай справы. Потым пачнуць вывучаць дакумэнты, але адвакаты дагэтуль ня ведаюць, ці будуць пры іх зачытваць матэрыялы сакрэтных тамоў. І што там увогуле ўтрымліваецца, задаюцца пытаньнем абаронцы, якія працуюць на працэсе над групоўкай Ігнатовіча.

"Гэта ўвогуле супярэчыць закону, што ў справе ёсьць нейкія зьвесткі, пра якія ня ведаюць адвакаты. Мы абураемся, працэстуем, але зьменаў няма", — заявіў Радыё Свабода адзін з адвакатаў.

Жонка зьніклага разам зь Віктарам Ганчаром бізнэсоўца Анатоля Красоўскага сьцьвярджае, што сьледчы пракуратуры Сяргей Новікаў падчас нядаўняй размовы распавёў ёй, як ідзе расьсьледаваньне справы Ганчара і Красоўскага.

(Красоўская: ) "Ён сказаў, што нічога не праводзіць, ніякіх сьледчых дзеяньняў цягам апошняй паловы году. Інакш ён, відаць, і ня мог адказаць, бо я яго спытала пры сустрэчы наўпрост, што цяпер робіцца, і яму інакш адказаць было немагчыма.

Не выклікаў ён Сівакова ды іншых на допыты. Я пра гэта таксама пісала хадайніцтва ў гарадзкую пракуратуру, але бессэнсоўна. Цяпер напісала ў рэспубліканскую, бо яны займаюцца справамі пра кіраўнікоў, але адказу няма", — сказала Ірына Красоўская.

Пасьля гэтага яна заявіла, што ўсё роўна не супакоіцца і будзе дамагацца актывізацыі расьсьледаваньня. "Апошні ланцуг неабыякавых людзей, на які прыйшлі сотні менчукоў, які падтрымалі грамадзяне ў іншых месцах Беларусі, пераканаў мяне, што людзі пра нас не забыліся і што нам разам трэба працягваць барацьбу", — заявіла Радыё Свабода Ірына Красоўская.

На наступным тыдні ў Ленінскім судзе Менску пачнецца яшчэ адзін працэс над членамі сям'і экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра. Цяпер судзіць будуць сына Міхаіла Чыгіра Аляксандра. Яго абвінавачваюць у стварэньні злачыннай групоўкі, якая нібыта займалася выкраданьнем аўтамабіляў. Аднак былы прэм'ер Міхаіл Чыгір верыць у невінаватасьць свайго сына.

(Міхаіл Чыгір: ) "Суд будзе 19-га. Трымаецца Аляксандар мужна. Калі б суд быў як у дэмакратычных краінах, то мы б не хваляваліся за ягоны лёс. Але можа ж быць як на судзе над жонкай, калі насуперак усім паказаньням судзьдзя прызнаў яе вінаватай".

Міхаіл Чыгір паведаміў, што працягвае знаёміцца з падрыхтаванай на яго новай крымінальнай справай, паводле якой ён быццам бы скраў мільён даляраў. Нагадаю, гэта тая справа, якая калісьці была разгледжаная ў гарадзкім судзе, і Чыгір ня быў па ёй асуджаны, але пракуратура перасьлед аднавіла.

Праўда, пазьней у пракуратуры падлічылі, што новы працэс пачынаць запозна, бо прайшоў тэрмін даўніны, але тады ўжо запратэставаў Міхаіл Чыгір. Ён ня згодны, што будзе лічыцца невінаватым толькі таму, што прайшоў час, і дамагаецца прызнаньня невінаватасьці паводле суду. Вось гэты працэс, мяркуе Міхаіл Чыгір, мо будзе разглядацца ўжо на пачатку будучага году.

А пакуль ішло азнаямленьне з матэрыяламі справы, Чыгір знайшоў у судовых дакумэнтах доказы таго, што сьледчыя займаліся падробкай. Чыгір кажа, што паводле гэтага факту абавязкова падасьць на сьледчых у суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG