Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАРГОВЫ НАСТУП НА ПРАВЫ ПРАЦОЎНЫХ


Міхал Стэльмак, Менск

Урадавая пастанова "Аб мерах па абароне правоў сяброў прафэсійных саюзаў" забараняе бугальтэрыям прадпрыемстваў безнаяўны перавод прафсаюзных складак на рахункі прафсаюзных арганізацыяў.

Паводле міністра юстыцыі Віктара Галаванава, гэтае рашэньне скіраванае на абарону працоўных правоў прафсаюзаў. А вось як пракамэнтаваў гэтае рашэньне нашаму радыё лідэр галіновага прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў:

(Бухвостаў: ) "Гэта рэакцыя на рашэньне апошняга пленуму Фэдэрацыі. Калі б там Ганчарыка скінулі, то не было б гэтай пастановы. Гэта спроба падарваць фінансавую аснову дзейнасьці прафсаюзаў. Гэта відавочна. Сорамна за дзеяньні Галаванава ды іншых чыноўнікаў, якія выконваюць волю Лукашэнкі. Таму гэтае палітычнае рашэньне скіраванае на ўціск незалежнага прафсаюзнага руху".

А вось якое меркаваньне наконт урадавай пастановы выказаў сёньня прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Віктар Бабаед:

(Бабаед: ) "Чарговы раз кіраўніцтва дзяржавы парушае правы прафсаюзаў. Ёсьць пагадненьне, у адпаведнасьці зь якім прафсаюзы могуць і маюць права на тое, каб унёскі пералічваліся ў адпаведнасьці з Працоўным кодэксам. І кіраўніцтва нашай дзяржавы чарговы раз вырашыла парушыць усе гэтыя нормы. Гэта найгрубейшае парушэньне і, прафсаюзы, вядома, будуць скардзіцца ў Міжнародную арганізацыю працы".

(Карэспандэнт: ) "Як гэта стасуеццца зь міжнароднымі нормамі?

(Бабаед: ) "У адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі прафсаюзы маюць права, каб пры заключэньні адпаведнага пагадненьня прафсаюзныя ўнёскі пералічваліся на рахунак прафсаюзаў праз цэнтралізаваную сыстэму. Па-іншаму, каб бугальтэрыя пералічвала гэтыя ўнёскі зь сябраў прафсаюзаў.

Але тут наша кіраўніцтва мае іншы намер. Яно хоча зьнішчыць найперш Фэдэрацыю прафсаюзаў, каб гэтая структура неяк развалілася і незалежныя прафсаюзы таксама", — мяркуе лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Віктар Бабаед
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG