Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАРТА Ў КУРАПАТАХ ПРАЦЯГВАЕЦЦА


Ганна Соусь, Менск

Рэканструкцыя кальцавой дарогі ля Курапатаў сёньня не вялася, будаўнікі былі занятыя на іншым участку, побач з аўтобуснай станцыяй "Зялёны Луг". Валанцёраў у Курапатах сёньня было няшмат, большасьць зь іх прысутнічалі на сёньняшнім зьезьдзе БНФ.

Але ж у Курапаты, як і звычайна ў выходныя, прыходзілі людзі. Прыкладам, спадар Мікола, які жыве недалёк ад Курапатаў, прыехаў ва ўрочышча на лыжах. Ён прынес валанцёрам крыху грошай на харчы. Спадар Мікола мае невялічкі ўласны бізнэс і мяркуе, што дапамагчы абаронцам Курапатаў — гэта ягоны грамадзянскі абавязак.

(Мікола: ) "Для мяне гэтае месца, як і для любога беларуса, многае значыць. Бо ў нашай краіне яшчэ захаваліся тыя ж захады, як і ў тыя гады, калі тут расстрэльвалі людзей. Я вельмі ўдзячны гэтым маладым людзям, якія тут падстаўляюць свае плечы й галовы пад удары і ахоўваюць нашу памяць".

Адразу пасьля спадара Міколы ў лягер прыйшоў спадар Яўген. Ён таксама жыве недалёка ад гэтага месца і бывае ў Курапатах амаль штодзень.

(Яўген: ) "Памятаю, як прачытаў калісьці артыкул пра Курапаты. Я тут некалі езьдзіў у Дроздава па малако, і ўвесь час было не па сабе, калі вяртаўся позна на ровары. Ніяк ня мог усьвядоміць, як гэта магло адбывацца... Мяне нешта цягне сюды, нешта трывожна за гэтых хлопцаў".

Нагадаю, што ўчора адзін зь сяброў Беларускай Партыі Свабоды заявіў у эфіры нашага радыё пра тое, што сябры партыі адмаўляюцца ад прэміі "Хартыі-97", якой гэтая арганізацыя ўзнагародзіла абаронцаў Курапатаў у намінацыі "За асабістую мужнасьць". Паводле кіраўніка Беларускай Партыі Свабоды Сяргея Высоцкага, гэтае рашэньне прынялі актывісты партыі, якія вартуюць Курапаты.

(Высоцкі: ) "Арганізацыя "Хартыя", з нашага пункту гледжаньня неаднаразова скампрамэтавала сябе антынацыянальнай дзейнасьцю, дзейнасьцю супраць нацыянальна-патрыятычных арганізацыяў, супраць БПС, гэтак званай падрыхтоўкай у свой час расколу, адколу часткі людзей, барацьбой і кампрамэтацыяй супраць Маладога Фронту.

Мы ня можам прымаць ад такой арганізацыі, за якой стаіць такая дзейнасьць, нейкі прэзэнт. Калі ўрэшце нехта жадае рабіць нам нейкія прэміі, то лепш хай гэта будуць рабіць тыя, хто мае гэтыя грошы. А "Хартыя", наколькі мы разумеем, уладкавалася разьмеркавальнікам не сваіх грошай. Так вось, нам не патрэбныя стасункі з падобнымі людзьмі й падобнымі сіламі.

Што датычыцца ўчорашняга выступу аднаго з нашых хлопцаў, то трэба трохі ўдакладніць. Ён меў на ўвазе, што спадар Івашкевіч зьяўляецца падпісантам "Хартыі-97", больш таго — актыўным ініцыятарам і ўдзельнікам".

А вось меркаваньне каардынатара грамадзянскай ініцыятывы "Хартыі-97" Зьмітра Бандарэнкі:

(Бандарэнка: ) "Я ня буду камэнтаваць выказваньняў Беларускай Партыі Свабоды, таму што ня вельмі паважаю гэтую арганізацыю. Сытуацыя для мяне ў іншым. Я вельмі паважаю Радыё Свабода/Свабодная Эўропа, Беларускую службу. І для мяне менавіта гэтыя словы, якія прагучалі ў эфіры вашай радыёстанцыі, зьяўляюцца абразай. І для мяне было б важна, каб радыёстанцыя проста папрасіла прабачэньня".

Зьміцер Бандарэнка лічыць сябе асабіста ахвярай расейскага нацызму:

(Бандарэнка: ) "І ад нямецкага нацызму абодва мае дзяды загінулі, і бацька ў партызанах быў, і маці галадала ў акупацыі. Таму я лічу гэта абразай, і не хацеў бы камэнтаваць нечыя выказваньні. Мне проста балюча й непрыемна, што гэта прагучала менавіта зь Беларускай службы Радыё Свабода".

Ад рэдакцыі: Вось ужо каля трох месяцаў у эфіры радыё "Свабода" штодня гучаць рэпартажы з Курапатаў, мы расказваем пра падзеі ва ўрочышчы, прадстаўляем пункты гледжаньня валанцёраў, будаўнікоў, архэолягаў, гісторыкаў, афіцыйных асобаў, людзей, якія наведваюць Курапаты. Тут сёньня – болевая кропка беларускай гісторыі, цэнтар маральнага супрацьстаяньня, адвечнае сутыкненьненьне памяці і дзікунства. Курапаты – ня месца для асабістых ці палітычных спрэчак.

Што да прэміі, права аднаго боку - узнагародзіць і патлумачыць свой выбар, а права другога – прыняць ці адмовіцца і патлумачыць свае матывы. Наколькі вядома, ад прэміі адмовілася частка абаронцаў Курапатаў – сябраў партыі Свабоды. Абодва бакі выказалі свой пункт гледжаньня ў эфіры.

Мы плянуем і надалей штодня паведамляць нашых слухачоў пра сытуацыю ў Курапатах – з адной папраўкай. У рэпартажах і інтэрвію з Курапатаў, як правіла, цяпер ня будзе адзначацца партыйная прыналежнасьць, членства ў грамадзкіх арганізацыях, рухах, суполках. У Курапатах абараняюць не мінулае, а будучыню, не бягучыя палітычныя інтарэсы, а агульначалавечую маральнасьць.
XS
SM
MD
LG