Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПУЦІН НАЗВАЎ ВЫХАД ЗША З ДАМОВЫ 1972 ПАМЫЛКАЙ


Юры Дракахруст, Прага

Financial Times падкрэсьлівае стрыманы характар рэакцыі Крамля на выхад ЗША з дамовы пра супрацьракэтную абарону. Прэзыдэнт Расеі ў сваёй афіцыйнай заяве назваў рашэньне Вашынгтону памылкаю, аднак дадаў пры гэтым, што па-першае, яно была чаканым, па-другое, законым – дамова прадугледжвае магчымасьць выйсьця зь яе, па трэцяе, на думку прэзыдэнта Расеі наўрад ці праэкт стварэньня эфэктыўнага супрацьракэтнага шчыта можна ажыцьцявіць тэхнічна, і нарэшце па-чацьвертае, што можа быць самае галоўнае – Пуцін ня бачыць у рашэньні пагрозы нацыянальнай бясьпецы Расеі.

Нават самыя гарачыя адэпты стварэньня амэрыканскага супрацьракэтнага шчыта кажуць, што яна ў найлепшым выпадку зможа адначасна неўтралізаваць удар некалькіх ракетаў, расейскі ядзерны патэнцыял налівае больш за 6 тысячаў ракетаў.

Тым ня менш некаторыя расейскія палітыкі і ваеныя папярэджваюць, што рашэньне прэзыдэнта Буша можа прывесьці да новага старту гонкі ўзбраеньняў. Як паведамляе Christian Science Monitor, пра гэта заявіў кіраўнік расейскага генштабу Анатоль Квашнін. Старшыня думскай камісыі па міжнароднай палітыцы Дзмітры Рагозын лічыць, што скасаваньне дамовы пра супрацьракэтную абарону выбівае юрыдычны падмурак з-пад дамоваў пра скарачэньне стратэгічных узбраеньняў СНУ-1 і СНУ-2.

Аднак, як адзначае Financial Times, прэзыдэнт Пуцін прытрымліваецца іншай думкі. Ён адмыслова падкрэсьліў, што Масква не зьбіраецца адказваць на выйсьце Вашынгтону з дамовы 1972 году нарошчваньнем расейскага ядзернага патэнцыялу. Наадварот, у сваёй заяве ён падкрэсьліў, што застаюцца ў сіле пляны узаемнага скарачэньня наступальных стратэгічных патэнцыялаў Амэрыкі і Расеі да ўзроўню 1500-2200 ядзекрных зарадаў у кожнага боку. Расейскі лідэр адзначыў таксама, што Масква не зьбіраецца раздзьмуваць антыамэрыканскую гістэрыю.

У інтэрвію брытанскай Daily Telegraph дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл зрабіў сэнсацыйную заяву, паведаміўшы, што выхад ЗША з дамовы быў “зрэжысаваны” з Расеяй. “Тыя, хто прарочыў катастрофу, убачаць, што гонкі ўзбраеньняў паміж ЗША і Расеяй не пачнецца,” – заявіў Паўэл.

У сьвятле гэтага паведамленьня стрыманая рэакцыя Крамля выглядае больш зразумелаю. Вашынгтон і Масква папярэдне дамовіліся, што пытаньне супрацьракетнай абароны, пры ўсёй яе важнасьці, ня мусіць перашкодзіць новым стратэгічным адносінам паміж ЗША і Расеяй.

Учора міністар замежных спрваў Беларусі Міхаіл Хвастоў заявіў, што рашэньне ЗША пра выхад з дамовы 1972 году можа парушыць балянс стратэгічнай стабільнасьці і міжнароднай бясьпекі. Гэтая тэза – паўтарэньне старой расейскай пазыцыі. Цяпер у сьвятле амэрыкана-расейскага зьбліжэньня і старатіэгічная стабільнасьць, і міжнародная бясьпека набываюць новы сэнс, пра што сьведчыць і заява Ўладзімера Пуціна. І толькі афіцыйны Менск застаецца ў мінулым, паўтараючы старыя догмы канфрантацыйнай рыторыкі часу халоднае вайны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG