Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БУДУЧАЯ МЯЖА З ЭЎРАЗЬВЯЗАМ – ЗЬ НЯМЕЦКАЙ ПРЭСЫ


Алена Панкратава, Менск

"Польшча ёсьць для Беларусі адначасова і прыкладам, і вобразам ворага", — піша на старонках нямецкага навукова-грамадзка-палітычнага выданьня "BN" доктарка паліталёгіі Астрыд Заам.

На думку дасьледчыцы, гэты вельмі супярэчлівы вобраз фармуецца сёньня найперш пад уплывам унутрыпалітычнай сытуацыі.

З аднаго боку, палітычная кляса, баючыся гэтак званай мэнтальнай палянізацыі грамадзтва, імкнецца стварыць яўна нэгатыўны прапагандысцкі вобраз краіны-суседкі, прыводзяцца нават выказваньні беларускага прэзыдэнта адносна польскага пасярэдніцтва ў амэрыканскіх палітычных гульнях супраць Беларусі.

Зь іншага боку, беларускае насельніцтва, якое за апошні час мела дастаткова магчымасьцяў наведаць суседнюю краіну, ня надта даверліва ставіцца да падобнай прапаганды. Паводле зьвестак нямецкага палітоляга, прыкладна 57% беларусаў ня бачаць ніякай небясьпекі ва ўступленьні Польшчы ў НАТО для Беларусі, а 54% увогуле лічаць, што Польшча абрала правільны шлях.

Карэспандэнт нямецкай службы тэлерадыёкарпарацыі "Deutsche Welle" ў сваім матэрыяле прыводзіць іншыя зьвесткі: звыш як 40% паездак беларусаў у Польшчу маюць камэрцыйны характар. Большасьць людзей, якіх распытвалі журналісты, заклапочаныя ўвядзеньнем візавага рэжыму з Польшчай.

Паводле нямецкага журналіста, магчымасьць бязьвізавага ўезду беларускіх грамадзянаў у Польшчу мае і іншы бок — гэта нелегальная іміграцыя. Сярод шматлікіх нелегалаў, што працуюць цяпер у Польшчы, шмат беларусаў.

Тысячы беларусаў сёньня занятыя ў розных галінах польскай гаспадаркі: будуюць, шыюць, робяць мэблю, займаюцца сельскай гаспадаркай, даглядаюць дзяцей і нават аказваюць сэксуальныя паслугі ў мясцовых бардэлях. Польшча для іх — амаль ідэальная сацыяльна-эканамічная мадэль. Тут можна зарабіць і нешта купіць на заробленыя грошы.

Паводле нямецкіх аглядальнікаў, дынаміка нелегальнай беларускай іміграцыі магла б быць значна ніжэйшая, калі б паміж краінамі намецілася больш інтэнсіўнае эканамічнае і палітычнае супрацоўніцтва.

Як піша на старонках выданьня "BN" палітоляг Астрыд Заам, ізаляцыя Беларусі сёньня не ў інтарэсах Польшчы як будучага сябра Эўразьвязу.

Сярод фактараў, якія ўскладняюць беларуска-польскія стасункі, аўтарка вылучае наступны: абодва бакі пакуль што не спрабавалі разам асэнсаваць некаторыя старонкі сумеснай гісторыі, напрыклад — з часоў Пілсудзкага. Паводле аўтаркі, пэўная прыхаваная палёнафобія назіраецца нават у беларускіх апазыцыйных палітыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG