Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНС-ГЕОРГ ВІК АБВІНАВАЦІЎ БЕЛАРУСКІЯ СПЭЦСЛУЖБЫ Ў ТЫМ, ШТО ЯНЫ ЎСТАЛЯВАЛІ АПАРАТУРУ ДЛЯ ПАДСЛУХОЎВАНЬНЯ Ў ОФІСЕ АБСЭ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

"Яны запісвалі зьмест усіх сустрэчаў, што адбываліся тут. Між тым, гэтыя сустрэчы і дыскусіі былі цалкам адкрытыя і не зьвязаныя ні зь якой шпіёнскай дзейнасьцю", — заявіў, паводле "Інтэрфаксу", спадар Вік.

У тэлефоннай размове з карэспандэнтам Радыё Свабода Ганс-Георг Вік пацьвердзіў гэтую заяву, але даць больш падрабязных зьвестак пра знойдзеныя ў офісе АБСЭ прастасаваньні адмовіўся.

(Вік: ) "Я не даю больш інфармацыі. Ніякіх дэталяў да таго, што было сказана, ня будзе", — сказаў спадар Вік.

У КГБ Беларусі камэнтаваць заяву кіраўніка місіі АБСЭ адмовіліся, але пэўныя выказваньні на ягоны адрас усё ж прагучалі. Кіраўнік цэнтру грамадзкіх сувязяў КГБ Фёдар Котаў сказаў:

(Котаў: ) "Нас увесь час абвінавачваюць у тым, што мы за кімсьці падглядаем, падслухоўваем, камусьці перашкаджаем, але мы робім сваю працу і ніяк яе не камэнтуем".

Далей ён заявіў, што "ўплыў Віка напярэдадні ягонага ад'езду зь Беларусі , відаць, меншае, вось ён і спрабуе гэткім чынам прыцягнуць да сябе ўвагу. Не, КГБ ня будзе камэнтаваць ягоныя абвінавачаньні, бо не зьбіраецца рабіць яму рэкляму".

І без таго складаныя адносіны кіраўніка групы АБСЭ спадара Віка зь беларускім кіраўніцтвам пагоршыліся пасьля верасьнёўскіх прэзыдэнцкіх выбараў, вынікі якіх не прызналі ў Эўропе, што адпавядала і высновам назіральнікаў з АБСЭ.

Вядома, што беларускае кіраўніцтва пасьля выбараў узяло шэраг дэманстрацыйных захадаў супраць кіраўніка місіі АБСЭ. Міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў нават адмовіўся сустракацца з Гансам-Георгам Вікам, што на дыпляматычнай мове лічыцца захадам надзвычайнага характару.

Між тым, тэрмін працы спадара Віка ў Беларусі завяршаецца — ён зьяжджае напрыканцы сьнежня.

Нагадаем, што праслухоўваньне палітыкаў спэцслужбамі стала звычайнай зьявай у сёньняшняй Беларусі. Прыкладам, падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў штаб-кватэры кандыдата Ўладзімера Ганчарыка быў знойдзены "жучок", які супрацоўнікі штабу прадэманстравалі журналістам. Праўда, уладальнікі гэтага прыстасаваньня дагэтуль не аб'явіліся.

А вось калі два гады таму ў офісе Менскай гарадзкой філіі Беларускага Гельсынскага камітэту быў знойдзены такі ж "жучок", то празь нейкі час да праваабаронцаў зьвярнуліся супрацоўнікі гарадзкога КГБ з патрабаваньнем "вярнуць дарагую апаратуру".
XS
SM
MD
LG