Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСКОЛУ БНФ НЕ ПАВІННА АДБЫЦЦА


Віталь Цыганкоў, Менск

Зьезды БНФ праходзяць раз на два гады. Да свайго чарговага, сёмага зьезду Фронт падышоў ня ў самых лепшых варунках — на фоне паразы дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах і з істотнымі рознагалосьсямі ў кіраўніцтве.

Аднак новая праграма дзеяньняў на зьезьдзе, хутчэй за ўсё прымацца ня будзе — у суботу будуць абмеркаваныя толькі розныя прапановы, у тым ліку праект Маладога Фронту. Пасьля ўсепартыйнай дыскусіі і працы адпаведнай камісіі праграма будзе прынятая на пазачарговым зьезьдзе ў наступным годзе.

Вось што чакае ад зьезду намесьнік старшыні БНФ Юрась Хадыка:

(Хадыка: ) "Найперш я чакаю ад зьезду пэўнага замірэньня. У нас ззаду засталася цяжкая, "вязкая" прэзыдэнцкая кампанія, хаду якой мы маглі кантраляваць толькі часткова. Трэба падвесьці вынікі гэтага пэрыяду, і вызначыць задачы на бліжэйшы час. Ніхто акрамя Фронту ня вырашыць і нават не дакляруе задачу адраджэньня Беларусі, захаваньня яе незалежнасьці".

(Карэспандэнт: ) "Калі вы сказалі, што чакаеце замірэньня, ці трэба гэта разумець, што на зьезьдзе не павінна адбыцца радыкальных кадравых пераменаў?"

(Хадыка: ) "Так, ня думаю. Хаця я ведаю, што ёсьць некалькі ініцыятываў, якія тычацца зьменаў у кіраўніцтве. Але, я думаю, што калі й адбудуцца пэўныя зьмены, яны ня будуць занадта рэвалюцыйнымі".

Пра магчымыя зьмены ў кіраўніцтве Фронту загаварылі апошнія тыдні, маючы на ўвазе пэўнае процістаяньне двух лідэраў Фронту — цяперашняга старшыні Вінцука Вячоркі і намесьніка старшыні Вячаслава Сіўчыка. Іхныя разыходжаньні найперш тычацца тактыкі Фронту, а таксама праблеме супрацоўніцтва зь іншымі дэмакратычнымі сіламі.

Здаецца, аднак, што большасьць фронтаўцаў схіляцца да таго, што кіраўніком партыі застанецца спадар Вячорка. У кожным выпадку, прыхільнікі абодвух лідэраў заяўляюць, што пры любым выніку выбараў старшыні расколу Фронту не адбудзецца. А вось што чакае ад зьезду Фронту старшыня ЦК БСДП Аляксей Кароль:

(Кароль: ) "Я не чакаю, што там будуць істотныя кадравыя перамены. На мой погляд, будуць дыскусіі ды спрэчкі, але кіраўніцтва (маю на ўвазе найперш старшыню), відаць, захавае свае пазыцыі.

Што тычыцца таго, якую нішу павінен займаць БНФ і як павінна зьмяніцца тактыка, то, на маю думку, павінна зьмяніцца тактыка ня толькі БНФ, але і ўсёй апазыцыі.

Найперш тактыка павінна ўлічыць стан грамадзтва і працаваць на свой імідж ня толькі праз гучныя ініцыятывы (я маю на ўвазе вулічныя акцыі), але працаваць сярод людзей. Тлумачыць сваю пазыцыю — знайсьці словы, якія адгукаюцца, спрабаваць вырашаць тыя праблемы, якія хвалююць людзей, найперш эканаічныя і сацыяльныя".

Як чакаецца, пытаньні стратэгіі БНФ найбольш востра на зьезьдзе будуць падымаць прадстаўнікі Маладога Фронту. У сваім праекце праграмы Малады Фронт заяўляе, што БНФ павінен стаць на глебу хрысьціянска-кансэрватыўных каштоўнасьцяў.маладафронтаўцы кажуць, што прагаласуюць менавіта за таго лідэра, які падтрымае іхную праграму аднаўленьня Фронту.
XS
SM
MD
LG