Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ ПРАДУКЦЫЯ ЗЬЯЎЛЯЕЦЦА Ў РАСЕІ ТОЛЬКІ ПРЫ ЎМОВЕ ЗАНІЖАНЫХ ЦЭНАЎ


Ігар Карней, Менск

За савецкім часам сельская гаспадарка Беларусі была найбуйнейшым пастаўшчыком харчаваньня ў Маскву, Ленінград ды іншыя буйныя расейскія цэнтры. Сёньня беларуская прысутнасьць у Расеі не такая значаная, але тая невялікая колькасьць харчоў, што ўсё ж ідзе за межы краіны, па-ранейшаму накіроўваецца менавіта на Ўсход.

Адметнасьць гэтага году — дэмпінгавыя цэны. Паводле зьвестак Дэпартамэнту харчовых рэсурсаў Масквы, нават з улікам транспартных выдаткаў, падатковых адлічэньняў і г.д., цана мяса, сыру, іншых беларускіх тавараў у Маскве значна ніжэйшая за цэны, па якіх гэтая прадукцыя рэалізуецца ў Беларусі.

Эканаміст-аграрнік Яўген Лугін лічыць, што гэтая сытуацыя абумоўленая найперш палітычнымі прычынамі.

(Лугін: ) "Гэта дамоўленасьць наўпрост з Лукашэнкам. Даўно прыглядаюцца расейцы да найбольш рэнтабэльных беларускіх прадпрыемстваў. Мае месца звычайная зьдзелка: беларусы прададуць танна свае прадпрыемствы, а Масква за гэта будзе набываць частку сельгаспрадукцыі".

(Карэспандэнт: ) "Такім чынам, прысутнічаюць палітычныя матывы?"

(Лугін: ) "Безумоўна. З улікам, што сельская гаспадарка разваленая, каб неяк трымаць яе ў напаўжывым стане, прадукцыю трэба дзесьці рэалізоўваць. І за кошт гэтай рэалізацыі заплаціць трохі заробкаў, якія ня плацяць месяцамі, і да вясны набыць рэсурсы для пасяўной кампаніі".

Днямі заключылі міжурадавае пагадненьне паміж Мінсельгасхарчам Беларусі і Дэпартамэнтам харчовых рэсурсаў Масквы. Цікава, што, бадай, упершыню Расея адмаўляецца ад закупаў у Беларусі бульбы, якая ўсё менш адпавядае патрабаваньням міжнародных стандартаў якасьці. Дарэчы, нядаўна нават дзяржаўная прэса ўзгадвала, што некаторыя раёны ня здолелі сёлета прадаць у Расеі ніводнага кіляграму бульбы. Камэнтуе сытуацыю Яўген Лугін:

(Лугін: ) "У нас жа як? — сыстэма выжываньня, усіх загналі на зямлю, і ўсе гэтую бульбу вырошчваюць, задавальняюць сябе. Таму ніхто фактычна яе і не прадае. У кожнага ёсьць гаспадарка, і бульба патрэбная на зіму. Але тут яшчэ адзін момант.

Калі ў 1998-м годзе быў неўраджай, Лукашэнка паставіў АМОН, перакрылі дарогі й не выпусьцілі зь Беларусі ніводнага кіляграму харчоў, уключна й бульбы. Атрымалася, што гэтым актам ён зьліквідаваў нашыя ж рынкі збыту. Натуральна, былі напрацаваныя сувязі, людзі разьлічвалі на Беларусь, а калі не атрымалася — пачалі шукаць іншыя варыянты. У тую ж Расею паступала бульба ўжо не зь Беларусі, а з Польшчы, Прыбалтыкі і г.д. І паступае дагэтуль".

Спадар Лугін таксама дадае, што беларускае кіраўніцтва чарговы раз дало падставу для пагарды да сябе з боку Расеі. Маўляў, толькі ў Маскве могуць вырашаць, ці пускаць беларускія тавары ў Расею. Затое экспансія расейскіх тавараў у Беларусь набыла вялікі размах. І супраць гэтага ніякіх захадаў ня робіцца.
XS
SM
MD
LG