Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"НАВОШТА МНЕ ТАКІ КАПІТАЛІЗМ, ПРЫ ЯКІМ АДНЫ ЕЗЬДЗЯЦЬ НА "МЭРСЭДЭСАХ”, А ДРУГІЯ НА СЬМЕТНІКУ ШУКАЮЦЬ КАВАЛАК ХЛЕБА"


Валянцін Жданко, Менск

Афганістан і падзеі вакол яго. Большасьць нашых слухачоў, якія наважваюцца пісаць на гэтую тэму, згадваюць падзеі дваццацігадовай даўніны, савецка-афганскую вайну і на падставе сумнага для савецкай арміі досьведу спрабуюць ацэньваць і сёньняшнія падзеі. Ці заўсёды слушны такі падыход?

Вось, для прыкладу, наш слухач Аляксандар Іваноў зь Менску піша:

"Спадзяюся, што ЗША абавязкова адшукаюць вінаватых у гэтых атаках. Напэўна, за тэрактамі стаіць бін Лядэн, аднак я не падтрымліваю вайну ў Афганістане. Амэрыканцы ня здолеюць дамагчыся стратэгічнай перамогі над талібамі і завязнуць у Афганістане, як у свой час савецкая армія, альбо як тыя ж амэрыканцы ў Віетнаме".

Такія ж высновы робіць і Мікола Лемех з Ганцавічаў. Ён піша:

"Наіўна спадзявацца, што афганцаў хто-небудзь можа перамагчы. Я шмат разоў чуў расповеды нашых хлопцаў, якія ваявалі там у 1980-я гады. Удзень афганец —мірны селянін, капаецца ў сваім агародзе, а ўначы ён ужо душман — бярэцца за аўтамат. Амэрыканцы вельмі рызыкуюць, паслаўшы туды свае войскі. Будуць потым дзесяцігодзьдзямі амэрыканскія маці чакаць сваіх сыноў ды атрымліваць цынкавыя труны".

Ставіць знак роўнасьці паміж гэтымі дзьвюма войнамі ніяк не выпадае — з шэрагу прычынаў. Калі палітбюро ЦК КПСС прымала авантурнае рашэньне пра інтэрвэнцыю ў Афганістан, то ставіла выключна амбітную мэту — на штыках прынесьці сюды сваю ідэалёгію, свой палітычны лад, пашырыць кола сваіх сатэлітаў у рэгіёне.

Сёньняшнюю вайну з талібамі вядуць ня толькі амэрыканцы — фактычна ўвесь цывілізаваны сьвет, якому талібы кінулі выклік сваімі атакамі 11 верасьня.

І нават калі параўноўваць толькі вайсковы бок справы, ваенную стратэгію, то і тут, на маю думку, аналёгіі некарэктныя. Штодзённыя зьвесткі з Афганістану пра гэта сьведчаць. Шырокамаштабныя пасьпяховыя апэрацыі праводзяцца пераважна за кошт перавагі ў тэхніцы, а не цаной салдацкіх жыцьцяў.

А галоўнае, вайна вядзецца ня супраць афганцаў і ня дзеля нейкіх геапалітычных інтарэсаў адной ці другой дзяржавы. У гэтым сэнсе грамадзкая думка, сымпатыі любога разважлівага чалавека зразумела на чыім баку.

Тэму вайны — але вайны іншай, балканскай, згадвае ў сваім лісьце і наш сталы слухач Алесь Шустоўскі з Барысава. Досьвед трагічных падзеяў на тэрыторыі былой сацыялістычнай Югаславіі Алесь лічыць падставай для развагаў пра адзінства славянскага сьвету.

"Вайна на Балканах паказала, што ніякага славянскага сьвету ў сапраўднасьці няма. Хто тады рэальна заступіўся за паўднёва-заходніх славянаў? Ніхто. Ні Расея, на ваенную падтрымку якой так спадзяваўся Бялград, ні Ўкраіна, ні Беларусь, ні Чэхія, ні Славакія, ні Польшча, ні Баўгарыя. Вось вам насамрэч і славянскі сьвет. Адзін лямант — і толькі", — напісаў Алесь Шустоўскі з Барысава.

Панславянскімі (ці панцюркскімі, ці панраманскімі) лёзунгамі вельмі часта прыкрываюцца ня дужа прывабныя і ня надта чыстыя палітычныя мэты, спадар Алесь.

Славянскі сьвет існуе — але падабенства мовы ці культуры ня ёсьць падставай дзеля таго, каб гвалтам змушаць так званых "братоў-славянаў" да сваіх палітычных парадкаў ці ўжываць узброеную сілу дзеля падтрымкі дыктатара на той падставе, што ён прыйшоў да ўлады пад лёзунгамі абароны славянства і абаронцам славянства сябе называе, давёўшы краіну да міжэтнічнай вайны.

Ліст ад Галіны Скок зь Бешанковіцкага раёну. Яна піша:

"Даўно слухаю Свабоду. Вы ўсё правільна распавядаеце — і пра Лукашэнку, і пра апазыцыю, і пра тое, як людзям жывецца. Слухаю вас і думаю — вось колькі разумных адукаваных людзей. Калі ж вы нарэшце зьменіце гэтую ўладу, якая ўсім надакучыла? Калі зьявіцца хоць які-небудзь прасьвет?

Людзі ў нас паўсюль вельмі запалоханыя, баяцца рот раскрыць. Але жыць усім хочацца лепш. А жыць так, як цяпер, далей немагчыма — гэта, здаецца, бачаць ужо нават самыя цярплівыя".

Ня мы, спадарыня Галіна, павінны мяняць гэтую ўладу. Яе павінны мяняць тыя самыя людзі, пра якіх вы пішаце — што стаміліся ад такога жыцьця, што хочуць пераменаў і лепшага жыцьця. Пакуль што, калі даводзіцца выбіраць паміж жаданьнем пераменаў і страхам быць пакаранымі за сваю грамадзянскую пазыцыю, сярод большасьці перамагае боязь пакараньня. І за такі выбар даводзіцца разьлічвацца.

У адрозьненьне ад папярэдніх гадоў, цяпер у нашай пошце значна менш лістоў, аўтары якіх настальгічна згадваюць пра савецкае мінулае. Тым ня менш, лісты такія сустракаюцца. Вось што напісаў нам Мікалай Бунееў з Баранавічаў:

"Пры камуністах, якіх вы ненавідзіце, я зарабляў 200 рублёў, якіх мне хапала і на ежу, і на адзеньне, яшчэ і адкладваць на чорны дзень можна было. А што далі вы, дэмакраты? Я на сваю пэнсію магу толькі сяк-так харчавацца — ні на што іншае грошай не застаецца. Навошта мне такі капіталізм, калі адны езьдзяць на "Мэрсэдэсах", а другія капаюцца ў сьметніку, каб знайсьці кавалак хлеба?

Ва ўсім вінаватыя Гарбачоў і Ельцын. У нас быў сацыялізм — не было багатых і бедных, людзі ня думалі, дзе знайсьці працу — на любым заводзе былі вакансіі. Каму гэта не падабалася? Тым, хто цяпер купаецца ў золаце за кошт працоўнага народу. Я ўспамінаю цяпер час, калі краінай кіравалі камуністы, як найлепшыя гады свайго жыцьця. А наперадзе — толькі падман, бардак і беднасьць", — напісаў Мікалай Бунееў з Баранавічаў.

Вось вы, спадар Бунееў, робіце выснову: былі камуністы — было добра; прыйшлі дэмакраты — давялі да жабрацтва. Але давайце аб’ектыўна паглядзім на гісторыю апошняга дзесяцігодзьдзя.

Ужо восьмы год Беларусьсю аднаасобна кіруе Аляксандар Лукашэнка — чалавек, які само слова "дэмакрат" лічыць лаянкай, які ва ўсіх сфэрах жыцьця абяцаў (і спрабаваў) аднавіць менавіта савецкія парадкі.

А да Лукашэнкі тры гады пасьля жнівеньскага путчу ўлада была ў руках ураду Вячаслава Кебіча — былога члена бюро ЦК КПБ і праціўніка любых лібэральных рэформаў у эканоміцы. Дык пра якіх дэмакратаў, якія, як вы пішаце, "давялі краіну", можна казаць, спадар Мікалай?

Наш сталы слухач, удзельнік вайны пэнсіянер Віктар Скараход зь Менску, адгукнуўся на адну зь перадачаў "Беларуская Атлянтыда", у якой ішла размова пра пахаваньні. Ён піша:

"Я родам зь Бягомельшчыны. У некаторых вёсках гэтага краю ў мінулыя часы былі такія могілкі-пантэоны. Для прыкладу, у вёсцы Кемешаўцы пры пабудаваным у 1717-м годзе касьцёле быў могільнік, на якім для труны муравалі склеп. На магілах ставілі выдатна аздобленыя гранітныя помнікі.

У маёнтку Гнязьдзілава (магчыма, панамі Корсакамі) для нябожчыкаў роду быў збудаваны вялікі склеп з прыгожай надбудовай. Але ўсе гэтыя пантэоны пры бальшавіках напаткаў сумны лёс — іх разрабавалі і разбурылі. У Беразіне будавалі бальніцу, а ў Кемешаўцах — фэрму. Дык помнікі пантэонаў з паліраванага граніту выкарыстоўвалі для падмуркаў гэтых будынкаў.

Невялікая колькасьць помнікаў ХІХ-га стагодзьдзя засталася стаяць і ляжаць на старым могільніку ў Беразіне. У Кемешаўцах — толькі адзін. Я заўсёды спыняюся перад ім, хоць ён і адцягнуты далёка ад магілы, на якой стаяў, і здымаю капялюш. Тут пахаваны Кодзь — бацька двух сыноў — паўстанцаў Каліноўскага. Тут спачываюць і прадстаўнікі роду Стаброўскіх, апошні нашчадак якіх, знакаміты археоляг, два гады таму памёр у Горадні.

Улада цягам двух апошніх стагодзьдзяў рабіла ўсё, каб мы ня мелі сваёй нацыянальнай памяці. І яна дасягнула свайго: прайдзеце па сучасных вясковых могілках і паспрабуйце знайсьці хоць адзін надпіс на помніку па-беларуску".

Зусім слушныя заўвагі, спадар Віктар. Пахадзіўшы па могілках, увогуле можна вельмі многае зразумець пра народ і краіну. Справа ня толькі ў тым, на якой мове надпісы на магільных камянях. Як ставяцца людзі да чужых магілаў? Які лёс пахаваньняў нямецкіх салдатаў на беларускай зямлі? А гісторыя з Курапатамі, з магіламі ахвяраў бальшавізму? Нацыі рана ці позна давядзецца адказваць на гэтыя пытаньні, калі яна імкнецца ў супольнасьць цывілізаваных народаў.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Аляксандар Раманаў з Горадні, Аляксандар Немаў зь Менску, Андрэй Паско зь Берасьця і Міхаіл Шавель зь мястэчка Навінкі Менскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Для карысатльнікаў інтэрнэт падаем наш e-mail –belarus@rferl.org.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG