Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ТАЯМНІЧАЯ КАНТРАБАНДА "ЗАХОДНЯГА БУГУ"


Алег Супрунюк, Берасьце

Фармальна справа аб перамяшчэньнi праз тэрыторыю Беларусi найбуйнейшай за апошнiя гады партыi кантрабанды закрытая. У судзе Маскоўскага раёну Берасьця на падставе адмiнiстрацыйных пратаколаў, складзеных мытнiкамi, адбылося некалькi паседжаньняў. Па iхных вынiках прынятае рашэньне канфiскаваць груз, ацэнены ў 5 з паловай мiльярдаў беларускiх рублёў. Прычым суд ня здолеў высьветлiць – каму ж насамрэч належыць сканфiскаваны тавар (а гэта вялікая колькасьць бытавой тэхнiкі, вiдэаапаратуры, адзеньня ды iншых рэчаў).

Ва ўпраўленьнi КГБ па Берасьцейскай вобласьцi зараз адмаўляюцца камэнтаваць паведамленьнi пра тое, што гэтай установай узбуджана крымiнальная справа па дадзеным факце. Не жадаюць гутарыць на гэтую тэму з журналiстамi i супрацоўнiкi мытнi "Заходнi Буг". Гэта выглядае дзiўным яшчэ i таму, што кiраўнiкi абедзьвюх установаў адразу пасьля затрыманьня грузу далi адмысловую прэсавую канфэрэнцыю i «на выдатна» ацэньвалi супольную апэрацыю.

Пазьней высьветлiлася, што 21 вялiкагрузны аўтамабiль з кантрабандай, якая па дакумэнтах была аформленая як керамiчная плiтка, затрымалi ўжо пасьля перасячэньня мяжы. Аўтакалёну спынiлi ў Кобрыньскiм раёне на шашы, што вядзе ў бок Расеi. Гэта давала падставы меркаваць, што нехта з супрацоўнiкаў мытнi дапамог машынам бесперашкодна трапiць на тэрыторыю Беларусi. Зьвiлася нават iнфармацыя пра затрыманьнi сярод мытнiкаў.

Дагэтуль загадкавым застаецца ня толькi хто ёсьць гаспадаром грузу, але i куды накiроўвалiся аўтамабiлi. Крынiцы з мытнi "Заходнi Буг" сьцвярджаюць, што ў Беларусi кiроўцы машынаў павiнны былi атрымаць новыя дакуманты на тавар. Далейшы маршрут аўтакалёны знаходзiўся ў Расеi. Тыя ж крынiцы гавораць, што памеры кантрабанды амаль не вылiкаюць сумненьняў, што дачыненьне да гэтай гiсторыi мае хтосьцi з уплывовых беларускiх чыноўнiкаў.

Ускосна пра гэта сьведчыць i той факт, што ад працэдуры ацэнкi кантрабанднага грузу адхiлi экспэртаў у гэтай справе. На берасьцейскiх прадпрыемствах, якiя ўпаўнаважаныя займацца рэалiзацыяй канфiскаванага тавару, таксама ня ведаюць, цi трапiць гэты тавар у свабодны продаж.
XS
SM
MD
LG