Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЮДМІЛА ГРАЗНОВА АДМОВІЛАСЯ АД ПРАПАНОВЫ АДМІНІСТРАЦЫІ БДУ ВЯРНУЦЬ ЁЙ ПРАЦУ


Любоў Лунёва, Менск

Людміла Гразнова да абраньня дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня працавала ў Белдзяржунівэрсытэце дацэнтам катэдры эканомікі. Пасьля разгону Вярхоўнага Савету Людміле Гразновай, як амаль усім астатнім дэпутатам, што падпісаліся за імпічмэнт, адмовілі ў аднаўленьні на ранейшым працоўным месцы. Сярод іх былі Генадзь Карпенка, Мечыслаў Грыб, Уладзімер Савічаў, Генадзь Цярэня, Васіль Шлындзікаў, Іван Сьвірыд ды іншыя.

Аддзелы кадраў адмаўлялі ім, спасылаючыся то на недахоп працоўных месцаў, то на нейкія загады зьверху. Многія засталіся бяз грошай. Адсутнасьць працы і цяжкае матэрыяльнае становішча прывяло да самагубства дэпутата Віктара Казловіча ў Смалявічах. Менавіта на гэтыя прычыны спаслаўся ён у перадсьмяротным лісьце.

Міжпарлямэнцкі саюз у Жэнэве некалькі разоў ставіў пытаньне аб працаўладкаваньні апазыцыйных дэпутатаў перад беларускімі ўладамі, але ніводнага разу не атрымаў станоўчага адказу. Некалькі разоў Людміла Гразнова падавала заяву ў аддзел кадраў БДУ, і кожны раз яе не прымалі. Урэшце яна прымусіла адміністрацыю напісаць пісьмовы адказ пра тое, што ёй адмаўляюць у працаўладкаваньні.

І вось пасьля ўсяго гэтага днямі Людміла Гразнова атрымала ліст ад старшыні Камісіі па заканадаўству і судова-прававых пытаньнях так званага Нацыянальнага сходу спадара Архіпава, у якім ён выказвае занепакоенасьць тым, што былая дэпутатка дагэтуль не ўладкавалася на пасадзе дацэнта катэдры эканомікі. А ўчора ёй патэлефанаваў дэкан эканамічнага факультэту і прапанаваў вярнуцца ў БДУ.

Людміла Гразнова ад гэтых прапановаў цяпер адмовілася. Вось што яна паведаміла Радыё Свабода:

(Гразнова: ) "Сёньня гэтую прапанову я не магу прыняць па палітычных матывах. Мае калегі-дэпутаты так і ня могуць заняць сваіх ранейшых пасадаў, якія яны займалі да дэпутацкіх паўнамоцтваў. Я не магу сёньня прыняць гэты пернік ад уладаў, бо бізуном б'юць маіх калег. Я не магу сёньня вярнуцца ва ўнівэрсытэт, бо там пануе ня тая атмасфэра.

Напярэдадні выбараў прымушалі студэнтаў галасаваць за Лукашэнку. Там ужо выключаюць з унівэрсытэту апазыцыйна настроеных студэнтаў. Дзясяткі студэнтаў выехалі ў замежжа, каб там працягнуць сваю адукацыю. Гэты крок уладаў я расцэньваю як такую "рысоўку" перад эўрапейскімі структурамі. Яны жадаюць быць прынятымі ў Эўропу і яны хочуць прадэманстраваць, што сталі больш ляяльнымі, што яны дэмакратызуюцца.

Але ж яны дэмакратызуюцца толькі ў тым выпадку, калі выпусьцяць на волю Андрэя Клімава, калі яны спыняць перасьлед апазыцыйна настроеных грамадзян, калі яны дадуць свабоду слова сродкам масавай інфармацыі і калі яны скажуць праўду пра зьнікненьні людзей і пра палітычныя забойствы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG