Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ПРЫЗНАЎ, ШТО АЗАРОНАК АБРАЗІЎ ГОНАР ЛЯБЕДЗЬКІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Гэтая справа цягнулася яшчэ з сакавіка. Тады, у адной з сэрыяў свайго фільма "Тайные пружины политики" Азаронак сьцьвярджаў, што Лябедзька зь сябрамі з апазыцыі езьдзіў у Варшаву, і пасьля гэтай паездкі ўласны даход лідэра АГП нібыта павялічыўся як мінімум на 8,5 тысяч даляраў.

Анатоль Лябедзька зьвярнуўся ў суд і патрабаваў абвергнуць ілжывыя зьвесткі ды спагнаць з адказчыкаў матэрыяльную кампэнсацыю 15 мільёнаў рублёў. Аднак суд Першамайскага раёну Менску разглядаць гэтую справу не сьпяшаўся. Першае паседжаньне адбылося толькі напрыканцы верасьня, потым адбылося яшчэ адно ў лістападзе, і вось сёньня нарэшце прынялі рашэньне.

Анатоль Лябедзька даў суду відэакасэту з запісам той праграмы, і Юры Азаронак быў вымушаны прызнаць, што ня меў рацыі, калі казаў пра вялікую суму грошай, нібыта перавезеных Лябедзькам і ягонымі сябрамі праз польска-беларускую мяжу. Аднак пры гэтым рэжысэр БТ казаў, што не абражаў гонару лідэра АГП.

Гаворыць Юры Азаронак:

(Азаронак: ) "Натуральна, што праграма ня ставіла за мэту абразіць каго-небудзь, у тым ліку і спадара Лябедзьку. Хіба гучала, што спадар Лябедзька атрымаў ад кагосьці нейкія грашовыя сродкі. Пра тое, што ён і ягоныя сябры незаконным чынам атрымалі гэтую суму, у праграме сказана не было. І я як аўтар праграмы не зьбіраўся абражаць ягоных гонару і годнасьці".

Рэжысэр БТ і ягоны абаронца перадалі суду копіі мытных дэклярацыяў спадара Лябедзькі і яшчэ нейкіх людзей, зь якімі ён нібыта езьдзіў у Польшчу, аднак у гэтых дакумэнтах не было зафіксавана сумы 8,5 ці 10 тысяч даляраў. Пры гэтым Азаронак адмовіўся паведамляць, дзе ён узяў мытную дэклярацыю Лябедзькі.

Як вынік, судзьдзя Леанід Ясіновіч палічыў аргумэнты спадара Азаронка непераканаўчымі і прызнаў яго вінаватым у абразе гонару й годнасьці Анатоля Лябедзькі. Суд абавязаў Азаронка абвергнуць непраўдзівую інфармацыю па тэлебачаньні, а таксама спагнаць зь яго на карысьць Лябедзькі 400 тысяч рублёў. БТ ж мусіць выплаціць лідэру АГП 600 тысяч рублёў. Анатоль Лябедзька быў задаволены судовым рашэньнем:

(Лябедзька: ) "У дадзеным выпадку я задаволены рашэньнем. Магчыма, ёсьць вэрсія, што новы склад адміністрацыі не ў такой ступені, не ў такой меры выкарыстоўвае тэлефоннае права. Другая вэрсія — магчыма, гэта прынцыповая пазыцыя гэтага судзьдзі. Усё было відавочна, таму ён быў вымушаны прызнаць, што гэта хлусьня й назваць рэчы сваімі імёнамі".
XS
SM
MD
LG