Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫНЯТЫ ЗАКОН АБ ВАЕННАЙ ДАКТРЫНЕ


Віталь Цыганкоў, Менск

Папярэдняя ваенная дактрына Беларусі дзейнічала ад 1993 году і была закрытым для грамадзкасьці дакумэнтам. У новай дакрыне, якую ў сераду канчаткова зацьвердзіла "палата прадстаўнікоў", разьмежаваныя паняцьці зьнешніх і ўнутраных пагрозаў.

Сярод шматлікіх зьнешніх ваенных пагрозаў варта вылучыць наступныя: умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі, мэтанакіраванае інфармацыйнае ўзьдзеяньне з выкарыстаньнем сучасных інфармацыйцных тэхналёгіяў, дыскрымінацыя правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў Беларусі ў замежных дзяржавах.

Канцэпцыя ваеннай дактрыны распрацоўвалася і паступіла ў "палату прадстаўнікоў" яшчэ да тэрактаў 11 верасьня. Відавочна, што тыя кардынальныя зьмены, што адбыліся ў сьвеце пасьля гэтага дня, распрацоўнікі дактрыны не пасьпелі (альбо не пажадалі), улічыць.

Напрыклад, адной з галоўных зьнешніх ваенных пагрозаў названае "пашырэньне ваенных блёкаў і саюзаў на шкоду ваеннай бясьпекі Беларусі". Каля Беларусі існуе і пашыраецца толькі адзін блёк — НАТО, таму зразумела, што размова ідзе менавіта пра яго.

Вось як ацэньвае прыняцьце ваеннай дактрыны экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў:

(Фёдараў: ) "Ня ўлічаныя тыя вельмі калясальныя зьмены, якія адбыліся ў сьвеце пасьля 11 верасьня. І перш за ўсё (што тычыцца Беларусі) — гэта зьмены ў дачыненьнях паміж Расеяй і НАТО і Захадам. Як мы ведаем, Расея зараз пачала актыўна супрацоўнічаць з НАТО, нават ствараецца нейкі орган, які надасьць Расеі больш правоў у абмеркаваньні пэўных пытаньняў (ня ўсіх), і яна будзе практычна роўная з астатнімі 19 сябрамі блёку.

Таму даволі дзіўна, што Беларусь, як найбліжэйшы саюзьнік Расеі, прымае такую дактрыну, і ня ўлічвае гэтых новых абставінаў".

Характэрна, што меркаваньні незалежных аналітыкаў фактычна пацьвярджаюцца заявамі афіцыйных асобаў. Гэнерал-маёр Юры Партноў, былы памочнік міністра абароны Беларусі, які 12 сьнежня быў прызначаны на пасаду камандуючага наземнымі войскамі Ўзброеных Сілаў Беларусі, паведаміў у інтэрвію "Інтэрфаксу", што прыняцьце новай рэдакцыі ваеннай дактрыны, сярод іншых чыньнікаў, абумоўленае пашырэньнем НАТО на ўсход.

"НАТО ўшчыльную наблізілася да межаў рэспублікі", — адзначыў Партноў. Тым ня менш, Партноў заявіў, што ніводная дзяржава не разглядаецца сёньня ў Менску як патэнцыйны праціўнік.
XS
SM
MD
LG