Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФЭНАМЭНАЛЬНАЯ ЎРБАНІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСІ


Алена Панкратава, Менск

Доктар Томас Бон — выпускнік Гамбурскага ўнівэрсытэту, зараз працуе выкладчыкам ў Енскім унівэрсытэце. Ён належыць да тых нямногіх нямецкіх гісторыкаў, якія цікавіцца "гістарычнымі сацыялістычнымі забудовамі" і ўвогуле адзіны ў Нямеччыне фахоўца, чые навуковыя творы прысьвечаныя асаблівасьцям сацыялістычнага манумэнталізму ў Менску.

Апошні навуковы даклад доктара Бона адносна менскіх забудоваў пачатку 1950-х быў адзначаны на міжнароднай канфэрэнцыі ў Цэнтры сучаснага гарадзкога дызайну ў Тампэрэ.

У сваёй дысэртацыі Томас Бон піша, што Менск мае некалькі прычынаў, каб стаць сапраўдным падручнікам у праблемах сацыялістычных гарадоў. Першая: горад з тысячагадовай гісторыяй нібыта імітуе гісторыю больш позьняга часу, усяго ў некалькі соцень гадоў.

Пасьля разбурэньняў, што напаткалі Менск у часе Другой сусьветнай вайны, горад не пайшоў шляхам аднаўленьня свайго гістарычнага твару. Быў абраны зусім іншы стыль альбо сумесь стыляў — тое, што зараз называецца сталінскім клясыцызмам і сталінскім барока. Аднак паколькі ў беларускае горадабудаўніцтва таго часу (як ні ў якое іншае ў СССР) увесь час умешваліся палітыка й ідэалёгія, Менск атрымаўся архітэктурна ня вытрыманым горадам.

Так, ідэя доўгай магістралі ў стылі барока, уздоўж якой павінны разьмяшчацца галоўныя адміністрацыйныя будынкі й канчатковай мэтай якой павінен стаць Палац — рэзыдэнцыя вярхоўнай улады на прыкладзе былой Савецкай вуліцы, а затым праспэкту Сталіна, Леніна, а цяпер Скарыны аказалася незавершанай.

Праспэкт, насуперак архітэктурным законам праходзіў паўз урадавыя будынкі, а не выходзіў на іх. Зь іншага боку, магістраль уключала ў сябе тры галоўныя плошчы гораду, яна як бы сымбалізуе сабой вуліцу трыюмфальных парадаў і маршаў.

Насуперак многім заходнім фахоўцам, Томас Бон лічыць Менск забудовы 1950-х зусім ня сумным і дастаткова цікавым горадам.

(Бон: ) "Я лічу цэнтар гораду сапраўдным музэем сацыялістычнага рэалізму. Канечне, гэта вельмі штучна і ненатуральна ў параўнаньні з Масквой і Пецярбургам, дзе ёсьць гістарычныя карані для нэаклясыцызму ці нэабарока. Аднак вынік атрымаўся дастаткова цікавы, і сымбалізуе фэномэн сталінізму ў Беларусі, які доўгі час адыгрываў пэўную ролю ў грамадзтве і працягвае рабіць гэта зараз".

Паводле Томаса Бона, архітэктурны стыль гораду — нават такі эклектычны, як у Менску — дазваляе меркаваць пра само жыцьцё гораду.

(Бон: ) "Маё любімае месца ў горадзе з гледзішча архітэктурнай забудовы — паселішча рабочых МТЗ, у раёне мэтро "Трактаразаводзкая". Там будынкі вытрыманыя ў больш сьціплым стылі, чым у цэнтры, там шмат дэкору, цікавых арак... Гэта чымсьці нагадвае мне такі стыль як "ангельскі сад". Ва ўсякім разе, першапачаткова архітэктары ішлі ад гэтае ідэі.

На маю думку, у кожным горадзе трэба глядзець ня толькі цэнтар, але й розныя жылыя раёны. Дарэчы, у Менску вельмі цікавыя маленькія прыватныя дамы, у тым ліку і драўляныя. Падобныя назіраньні дазваляюць рабіць высновы пра вялікую разнастайнасьць жыцьця гораду: гэтак званае афіцыйнае жыцьцё, "пацёмкінская вёска" ў цэнтры, а таксама аддаленыя жылыя раёны зь іхнымі сацыяльнымі праблемамі.

Насуперак розным меркаваньням спэцыялістаў, я лічу, што Менск далёка ня сумны горад. Трэба толькі ўважліва яго разгледзець".
XS
SM
MD
LG