Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПРАЦЭСЕ НАД ГРУПОЎКАЙ ІГНАТОВІЧА ЗАВЕРШАНЫ РАЗГЛЯД ЭПІЗОДУ ПРА ВЫКРАДАНЬНЕ ЗЬМІТРА ЗАВАДЗКАГА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

"Тое, што сьледзтва называе доказамі віны Ігнатовіча і Маліка, сумленны юрыст доказамі лічыць ня можа", — заявіў Радыё Свабодзе адзін з адвакатаў, які вымушаны захоўваць інкогніта з прычыны закрытасьці працэсу.

Гэты абаронца распавёў пра рыдлёўку з фрагмэнтамі "біялягічнага матэрыялу", які, паводле экспэртызы, належыць Завадзкаму. Гэтую рыдлёўку быццам знайшлі ў аўтамабілі, якім карысталіся выкрадальнікі Завадзкага.

Але на судзе стала вядома, што падчас першага затрыманьня гэтага аўтамабіля ў Расеі рыдлёўкі ў ім не знайшлі, не была яна сфатаграфаваная і пасьля другога затрыманьня ўжо ў Беларусі, хаця й згадваецца ў сьпісе рэчаў. Фактычна гэты галоўны доказ зьявіўся ў сьледчых значна пазьней за арышт Ігнатовіча і Маліка.

"Асабіста я не выключаю, што гэта сапраўды Ігнатовіч і Малік датычныя да зьнікненьня Завадзкага, але доказаў няма. Ніводны сьведка не пацьвердзіў гэтага нават ускосна. А паколькі немагчыма даказаць, што гэта Ігнатовіч і Малік скралі Завадзкага, то немагчыма і спытаць іх пра тое, куды яны яго падзелі", — заявіў адвакат.

Паводле гэтага абаронцы, сьледзтва наўмысна абышло ўвагай яшчэ адно важкае пытаньне — хто замовіў выкраданьне апэратара ОРТ. Паказаньні на гэты конт Паўла Шарамета абверг былы генэральны пракурор Алег Бажэлка, і, як мяркуе адвакат, суд гэтым задаволіўся.

Сёньня на працэсе вывучаліся іншыя эпізоды, інкрымінаваныя групоўцы Ігнатовіча. Абаронцы лічаць, што працэс магчыма было б завершыць да канца году, але з прычыны няяўкі яшчэ не апытаныя многія сьведкі. Праўда, удзельнікі працэсу сумняюцца, што паказаньні гэтых сьведкаў можна лічыць істотнымі.

"Сьледзтва стварала бачнасьць вялікай працы , і таму насамрэч больш за палову сьведкаў ні пра што ня сьведчаць", — мяркуюць адвакаты. Яны прагназуюць, што працэс завершыцца ў студзені наступнага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG