Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЖОРДЖ БУШ: ЗША НЕ ПАКІНУЦЬ АФГАНІСТАН


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Гэты камэнтар Буш зрабіў у сераду перад падпісаньнем Акту дапамогі афганскім жанчынам і дзецям. Мэта закону – забясьпечыць дапамогу ў паляпшэньні здароўя і адукацыі афганскіх жанчынаў і дзяцей, а таксама аказаньне дапамогі ўцекачам у суседніх краінах.

Буш сказаў, што талібанскія кіраўнікі Афганістану зьдзейсьнілі жорсткі этап у афганскай гісторыі.

(Буш:) “Амэрыка пачынае разумець, што мары тэрарыстаў і Талібану былі сапраўдным кашмарам для афганскіх жанчынаў і дзяцей. Талібан забіваў падлеткаў дзеля сьмеху ў прысутнасьці жаўнераў. Яны саджалі ў турму і катавалі там нават дзесяцігадовых дзяцей, бо падазравалі ў злачынствах іхных бацькоў”.

Цырымонія падпісаньня Бушам закону адбывалася ў Нацыянальным музэі жанчынаў у мастацтве ў Вашынгтоне. Прэзыдэнта ЗША суправаджала афганская ўцякачка, імя якой Фарыда. Яна сказала, што зьвяржэньне рэжыму Талібану пад кіраўніцтвам ЗША нясе ёй надзею на ўзьяднаньне зь сям’ёй і абяцае поўны ўдзел жанчынаў у жыцьці краіны.

Фарыда працавала ў галіне адукацыі, аховы здароўя, навучала афганскіх жанчынаў. Яна заявіла, што ейны занятак змушаў да ўцёкаў ня толькі пад рэжымам Талібану, але таксама і раней, цягам таго, што яна назвала "хаосам і брутальнасьцю ваеначальнікаў, цяпер вядомых як Паўночны Альянс”.

Фарыда сказала, што ёй была прапанаваная праца ў кааліцыйным урадзе, у якім дамінуе Паўночны Альянс, але там для жанчынаў вызначаныя толькі два месцы з трыццаці.

Буш сказаў наступнае:

(Буш:) “Жанчыны цяпер выходзяць са сваіх дамоў, па сутнасьці з формы хатняга арышту, маюць магчымасьць шпацыраваць па вуліцах без суправаджэньня. “Адчуваньне такое, нібы нас усіх вызвалілі з турмы, – сказаў адзін малады чалавек у Кабуле, – “нібы ўвесь Афганістан вызвалілі з турмы”.

Буш паўтарыў, што ЗША зробяць усё, каб цалкам зьнішчыць тэрарыстычныя сеткі ў Афганістане і ў кожным іншым месцы ў сьвеце.
“Ні Амэрыка, ні яе саюзьнікі ня будуць адпачываць, пакуль усіх тэрарыстаў не аддадуць пад суд”, – запэўніў прысутных Джордж Буш.

Прэзыдэнт абвінаваціў Талібан і заснаваную Усамам бін Лядэнам тэрарыстычную сетку Аль Кайда ў спробах экспартаваньня дактрыны запрыгоньваньня жанчыны. Паводле Буша, цэнтральнай мэтай тэрарыстаў быў уціск жанчынаў.

Буш таксама падзякаваў сваёй жонцы, першай лэдзі Амэрыкі Лаўры Буш, якая моцна падтрымлівае змаганьне жанчынаў у Афганістане і ва ўсім сьвеце за свае правы.
XS
SM
MD
LG