Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СУСЬВЕТНЫЯ НАВІНЫ ТЭХНАЛЁГІІ І ІНТЭРНЭТУ


Сяргей Шупа, Вільня

* РЫМ. У сераду споўнілася 100 гадоў з дня, калі італьянскі вынаходзец Гульельма Марконі ажыцьцявіў першы ў сьвеце сэанс радыёсувязі паміж Эўропай і Амэрыкай. 12 сьнежня 1901 году радыёсыгнал адолеў 3 з паловай тысячы кілямэтраў паміж перадатчыкам у Корнуоле, Брытанія, і прыймачом у Ньюфаўндлэндзе, Канада. У 1909 годзе Марконі атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне фізыкі. У гонар юбілею італьянскія навукоўцы даслалі радыёаматарам сьвету радыёпрывітаньне, ужыўшы ў якасьці антэны паверхню Месяца.

* КАБУЛ. Пасьля сыходу талібаў з Кабулу ў крамах афганскай сталіцы зьявіліся тэлевізары, відэамагнітафоны, музычныя цэнтры. Асаблівым попытам карыстаюцца камплекты апаратуры для прыёму сатэлітных тэлеканалаў. У Кабуле ўзьнік новы бізнэс — выраб сатэлітных антэнаў з кавалкаў бляхі і арматуры. За часы кіраваньня Талібану глядзеньне тэлевізара і слуханьне музыкі было забароненае, а ў крамах прадаваліся толькі радыёпрыймачы і касэтныя магнітафоны.

* ЕРУСАЛІМ. Чацьвёра ізраільскіх падлеткаў 15-16 гадоў былі ўзятыя пад хатні арышт пасьля таго, як яны прызналіся ў стварэньні й пашырэньні кампутарнага віруса Goner. Гэты вірус на мінулым тыдні нанёс кампутарам у розных краінах сьвету шкоду, ацэненую на мільёны даляраў. Найбольш пацярпелі буйныя карпарацыі паўночнай Амэрыкі, Эўропы і Аўстраліі. Паводле ізраільскіх законаў падлеткам пагражае да двух з паловай гадоў турмы.

* ЧЫКАГА. Гігант камунікацыйных тэхналёгіяў кампанія Motorola абвясьціла пра спыненьне вытворчасьці пэйджэраў аднабаковай і двухбаковай сувязі. Гэта можа азначаць сканчэньне эры пэйджэраў, выцесьненых больш функцыянальнымі, зручнымі і таннымі сотавымі тэлефонамі. Motorola займала каля 80% сусьветнага рынку пэйджэраў. Мяркуецца, што пэйджэрамі надалей будуць карыстацца лекары і пажарнікі, дзеля большай надзейнасьці і пранікальнасьці сыгналу.

* НЬЮ-ЁРК. Паводле дасьледаваньня, праведзенага ў чэрвені-верасьні сёлета, 474 мільёны людзей на нашай плянэце маюць дома доступ да Інтэрнэту. Найбольш карыстальнікаў налічваюць Злучаныя Штаты — 186 мільёнаў або 39%. 128 мільёнаў чалавек карыстаюцца Інтэрнэтам у Эўропе, Афрыцы і на Блізкім Усходзе, і яшчэ 104 мільёны — у Азіі, Аўстраліі і Акіяніі. У найбольш разьвітых краінах рост колькасьці карыстальнікаў Інтэрнэтам запаволіўся, тым часам як істотнае павелічэньне чакаецца бліжэйшымі гадамі ў Лацінскай Амэрыцы.

* КЛУЖ (РУМЫНІЯ). Паліцыя ў Клужы затрымала больш за 200 дзяцей, які жабравалі на вуліцах гораду, каб пасьля патраціць сабраныя грошы ў інтэрнэт-кавярнях. Дзеці паскардзіліся паліцыі, што бацькі не даюць ім грошы на карыстаньне Інтэрнэтам. Дырэктар мясцовага бюро аховы дзяцей паведаміў, што кампутарныя гульні і Інтэрнэт сталіся сярод дзяцей сапраўдным псыхозам.
XS
SM
MD
LG