Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАЛАНЦЁРЫ ЗАПРАШАЮЦЬ НА НАБАЖЭНСТВЫ Ў КУРАПАТЫ


Ганна Соусь, Менск

У Курапатах другі дзень вельмі марозна. Сёньня было так халодна, што калі я брала на вуліцы інтэрвію ў аднаго з будаўнікоў, не спрацаваў дыктафон. Давялося зьвязвацца з абаронцамі Курапатаў другі раз па тэлефоне са студыі.

Нягледзячы на маразы, мінулай ноччу ў Курапатах было 7 чалавек — гэта сябры Беларускай Партыі Свабоды, "Зубра" і маладыя сацыял-дэмакраты. Уначы чарговы раз ад іскраў з буржуйкі загарэўся дах намёту. Полымя загасілі, але засталася дзірка, якую давялося закрыць бляхай.

Раніцай валанцёры пілавалі дровы, потым гатавалі ежу. Прыхільнік Беларускай Партыі Свабоды Аляксей, які вартуе Курапаты каля двух месяцаў, сёньня быў адказным за харчаваньне. У лягеры яго ўсе называюць Капэлянам. Аляксей — дыякан Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы й бярэ ўдзел ва ўсіх набажэнствах у Курапатах. Аляксееў шлях да Бога распачаўся ў 1998 годзе ў Жыровіцкім манастыры.

(Аляксей: ) "Далей я служыў у сьвеце, а потым я будаваў у Курапатах часоўню. Нейкі час увогуле не служыў, але хадзіў на службы ў царкву на сьвяты, маліўся... Аднойчы я прыйшоў у Курапаты паглядзець, што тут адбываецца ў часоўні, ды ўбачыў валанцёраў. Я падышоў ды паразмаўляў зь імі... Так тут і застаўся. І гэта прывяло мяне да Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы".

У Аляксея склаліся вельмі прыязныя стасункі з будаўнікамі й амонаўцамі. Валанцёры часам жартуюць, што Аляксей займаецца ў Курапатах місіянэрскай справай. Магчыма, дзякуючы ягоным высілкам, будаўнікі дапамагалі валанцёрам усталёўваць крыжы ды пілаваць дровы.

Штонядзелю а першай гадзіне ў Курапатах адбываецца набажэнства. Аляксей заклікае ўсіх прыходзіць на іх:

(Аляксей: ) "Служыцца малебен і тры–чатыры экцініі, Малітва за Беларусь, за беларускі народ і беларускіх пакутнікаў у Курапатах. Я падрыхтаваў тут пляцоўку, навазіў пяску. Будаўнікі ўзялі ўдзел у гэтым, бульдозэрам выраўнялі пясок. Мы хочам тут паставіць намёт. Мы зьвяртаемся да ўсіх людзей, хто хоча дапамагчы, хаця б часова ўзяць у арэнду нейкі намёт, у якім будуць праходзіць набажэнствы. Гарантую, што ён будзе цэлы й захаваны".

Калі я сыходзіла з Курапатаў, Капэлян размаўляў з адным з бульдазэрыстаў. На кабіне машыны была налепка з эмблемай Беларускай Партыі Свабоды.
XS
SM
MD
LG