Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЭЛЬГІЯ, ЯКАЯ СТАРШЫНЮЕ Ў ЭЎРАПЕЙСКІМ ЗЬВЯЗЕ, НЕ ЗЬМЯНІЛА СВАЁЙ ПАЗЫЦЫІ ДА БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь першым віцэ-сьпікерам бэльгійскага парлямэнту Жан-Полем Анры й заявіў яму, што ў Беларусі "высока ацэньваюць канструктыўную, аб'ектыўную й дружалюбную пазыцыю" Бэльгіі што да Беларусі.

Спадар Лукашэнка дадаў: "Пазыцыя Бэльгіі ў дачыненьні да Беларусі правільная".

Нагадаю, што цяпер Каралеўства Бэльгія старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе, і 14 верасьня ў бэльгійскай сталіцы Брусэлі была абнародаваная дэклярацыя старшыні Эўразьвязу пра выбары прэзыдэнта ў Беларусі. Тады Бэльгія заявіла, што падтрымлівае высновы місіі назіраньня за выбарамі, і асудзіла "той факт, што гэтыя выбары не былі праведзеныя адпаведна з правіламі АБСЭ для правядзеньня дэмакратычных выбараў".

Ад імя ўсяго Эўразьвязу Бэльгія асудзіла таксама перасьлед прадстаўнікоў апазыцыі, унутраных назіральнікаў, незалежных сродкаў масавае інфармацыі ды няўрадавых арганізацыяў і заклікала беларускія ўлады паважаць правы гэтых асобаў.

Атрымліваецца, што альбо Аляксандар Лукашэнка ўхваліў сёньня такую пазыцыю Бэльгіі, альбо гэтая пазыцыя зьмянілася. Сёньня я патэлефанаваў у Брусэль Аліўе Альстынсу, прэсаваму сакратару бэльгійскага міністра замежных справаў, і спытаўся, ці зьмянілася палітыка Бэльгіі ў дачыненьні да Беларусі.

(Альстынс: ) "Мы цалкам падзяляем агульную эўрапейскую пазыцыю, вядома", — адказаў спадар Альстынс з бэльгійскага дыпляматычнага ведамства.

А ў Менску першы намесьнік старшыні парлямэнту Бэльгіі, прадстаўнік фракцыі франкамоўных сацыялістаў Жан-Поль Анры заявіў Аляксандру Лукашэнку, што Бэльгія "заўжды разглядала Беларусь у кантэксьце эўрапейскае палітыкі й культуры, а пазыцыя асобных эўрапейскіх кіраўнікоў, якія выступалі за ізаляцыю Беларусі, ёсьць неканструктыўнай".

Я папрасіў пракамэнтаваць гэтую заяву прэсавага сакратара міністра замежных справаў Бэльгіі:

(Альстынс: ) "Гэта філязофія палітыкі Бэльгіі. Нам не падабаюцца палітычныя блякады. Мы заўсёды мяркуем, што мусіць быць дыялёг. Мы мусім спрабаваць зрабіць нейкую эвалюцыю ў пэўных краінах праз дыялёг, гэта праўда. Але гэтымі днямі мы ёсьць старшынёй Эўрапейскага Зьвязу, і мы цалкам падзяляем эўрапейскую пазыцыю, вядома", — заявіў Аліўе Алсьтынс, прэсавы сакратар міністра замежных справаў Бэльгіі.

Ён нагадаў пра наступную цытату з брусэльскае дэклярацыі Эўразьвязу ад 14 верасьня: "Эўрапейскі Зьвяз будзе працягваць падтрымку пераходу да дэмакратыі й ладзіць кансультацыі на гэты конт з усімі палітычнымі сіламі ў Беларусі, якія падрыхтаваныя для працы ў гэтым жа напрамку. Ён падтрымлівае Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ, якая ў стане рабіць унёсак у гэты пераход".

У верасьнёўскай заяве Эўразьвязу зазначалася таксама, што разьвіцьцё стасункаў зь Беларусьсю істотна залежыць ад павагі да правоў чалавека і прагрэсу дэмакратыі ў гэтай краіне. Эўразьвяз выказаў надзею, што Беларусь цяпер абярэ курс палітычнае лібэралізацыі, выкананьня правоў чалавека і ўсталяваньня вяршэнства закону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG