Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГЛЯД ПУБЛІКАЦЫЙ НЯМЕЦКАЙ ПРЭСЫ ПРА БЕЛАРУСЬ


Алена Панкратава, Менск

Паводле крыніцаў, блізкіх да нямецкіх палітычных колаў, днямі ўсе палітычныя фракцыі, якія прадстаўленыя ў нямецкім Бундэстагу, прагаласавалі за спыненьне ізаляцыйнай палітыкі да Беларусі. Як лічаць вядучыя нямецкія палітыкі й палітолягі, падобная палітыка ня мае вялікіх пэрспэктываў у зьвязку з тым, што Беларусь неўзабаве зробіцца памежнай краінай з Эўразьвязам.

Як піша нямецкі часопіс "Belarusnews", орган Міжнароднага адукацыйнага нямецкага-беларускага цэнтру ў Дортмундзе (ня блытаць зь нямецкім Інтэрнэт-выданьнем з такой жа назвай), нягледзячы на тое, што палітычная сытуацыя ў Беларусі ўсё яшчэ застаецца няпэўнай, ейная адкрытасьць у адносінах да Захаду хутчэй застаецца больш вэрбальнай зьявай.

Ізаляцыю Беларусі пасьля антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году і крызысу ў Драздах у 1998-м нямецкія палітыкі лічаць беспэрспэктыўнай. Гэты вузел трэба разьвязваць.

Зразумела, усё гэта вельмі нялёгкая справа, лічаць нямецкія экспэрты. У сваім інтэрвію для сусьветнай службы тэлерадыёкарпарацыі "Deutsche Welle" цяперашні кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік паведаміў, што насуперак прагнозам большасьці палітолягаў, вядомыя падзеі 11 верасьня ня ў стане зьнізіць рэальны інтарэс Захаду да ўсходнеэўрапейскіх праблемаў, бо самым хуткім часам Эўразьвяз становіцца суседам Беларусі. Менавіта з улікам гэтага фактару ўжо будуецца эўрапейская стратэгія ў дачыненьні да Беларусі.

"Суседзтва зь Беларусьсю — рэальнасьць для Эўразьвязу. Канечне, будаўніцтва стасункаў з гэтай краінай патрабуе працяглага часу ды інтэнсіўнай працы. Усё гэта, як кажуць, павінна сасьпець. Найхутчэй, працэс будзе ісьці ціха. Ня трэба чакаць, што ён будзе суправаджацца яркімі загалоўкамі на першых старонках друку", — мяркуе Вік.

Паводле Ганса-Георга Віка, у наступныя 10 гадоў Беларусь, нягледзячы на далёка няпростую цяперашнюю сытуацыю, мае шанцы быць у першых шэрагах эўрапейскай дэмакратыі. Беларусь будзе сябрам Рады Эўропы, АБСЭ, і хутчэй за ўсё ўступіць у Эўразьвяз. На пытаньне карэспандэнткі "Нямецкай хвалі", ці няма ў гэтым прагнозу вялікай долі аптымізму, Вік адказаў: "Не, гэта рэальнасьць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG