Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАКУРАТУРА БЕЛАРУСІ АДКЛІКАЛА ХАДАЙНІЦТВА АБ ПАЗБАЎЛЕНЬНІ ДЭПУТАЦКАЙ НЕДАТЫКАЛЬНАСЬЦІ ВІКТАРА РАХМАНЬКА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У пракуратуры Беларусі палічылі, што для арышту былога начальніка чыгункі Віктара Рахманька згода верхняй "палаты" Лукашэнкавага парлямэнту не патрэбная і адклікалі адпаведнае хадайніцтва. Прэсавы сакратар пракуратуры Аляксей Таранаў пацьвердзіў гэта нашаму радыё:

(Таранаў: ) "Так, мы адклікалі тое хадайніцтва. Чаму? Бо паводле матэрыялаў сьледзтва Рахманько ўчыніў цяжкае злачынства, у гэтым выпадку закон дазваляе прыцягнуць яго да адказнасьці бяз згоды парлямэнту".

Пра тое, ці не прад'яўленыя былому начальніку чыгункі іншыя абвінавачаньні акрамя "крадзяжу шляхам злоўжываньня службовым становішчам" Таранаў адказаў:

(Таранаў: ) "Іншыя абвінавачаньні магчымыя, але іх пакуль няма. Будуць — паведамім".

Аляксей Таранаў ня мае зьвестак пра арышт Рахманька. Паводле зьвестак пракуратуры, Рахманько знаходзіцца ў Менску ў сваёй кватэры, як і патрабуе ягоная падпіска пра нявыезд. На пытаньне пра магчымы тэрмін затрыманьня Рахманька Аляксей Таранаў адказваць адмовіўся, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва.

Ці сапраўды пракуратура мае права арыштоўваць дэпутата бяз згоды парлямэнтароў? На гэты конт юрысты маюць розныя меркаваньні. Прыхільнікі дзеяньняў, якія праводзіць пракуратура, спасылаюцца на фармулёўку артыкула 102 Канстытуцыі, дзе такі арышт прызнаецца законным, калі дэпутат "зрабіў дзяржаўную здраду альбо іншае цяжкае злачынства".

Аднак праціўнікі парушэньня дэпутацкай недатыкальнасьці заўважаюць, што тут гаворка ідзе менавіта пра цяжкія злачынствы супраць дзяржавы, а не пра цяжкае эканамічнае злачынства, у якім падазраюць Рахманька. Такім чынам, пытаньне хутчэй у тым, хто будзе тлумачыць адну і тую ж норму закону. У пракуратуры перакананыя, што тлумачэньне будзе на іхную карысьць, але ў Беларусі ўжо былі і адваротныя выпадкі, заўважаюць назіральнікі.

Тым часам у Савеце Рэспублікі лічаць, што пракуратура адклікала сваё хадайніцтва найперш таму, што была няпэўная — ці дэпутаты прагаласуюць за пазбаўленьне Рахманька недатыкальнасьці. Крыніцы з Савету Рэспублікі сьцьвярджаюць, што там ініцыятыву арышту Рахманька сустрэлі збольшага непрыязна.

Заўважана, што яшчэ ніводзін дэпутат не выказаўся ў падтрымку перасьледу Рахманька, а ў кулюарах "сэнатары" кажуць, што ня будуць галасаваць супраць свайго калегі.
XS
SM
MD
LG